Фігурантам „справы БелТА” пачалі выстаўляць абвінавачанні (абноўлена)
Следчы камітэт працягвае выстаўляць абвінавачванні па так званай справе БелТА рэдактарам і журналістам некалькіх недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, у прыватнасці, з БелаПАН і ТУТ. бай. Так, 6 лістапада абвінавачванне ў незаконным доступе да платнай стужкі навінаў Беларускага тэлеграфнага агенства было прад’яўлена журналістцы недзяржаўный інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяне Каравенковай.
– Мне сёння было выстаўлена абвінавачванне па частцы 2-й 349-га артыкула. Цяпер я ў статусе абвінавачанага. Таксама выстаўлена кампенсацыя страты на суму, якая не перавышае 5 000 рублёў. Выстаўлена мне, я пра іншых не ведаю. Прапаноўваюць пагасіць страты і тады можа закрыюць справу. То бок стала на шлях выпрашлення.
Таццяна Каравенкова прызнала віну. Яна не адмаўляе, што чытала інфармацыю БелТА. Але зараз БелаПАН ужо не карыстаецца навінамі гэтай дзяржаўнай інфармацыйнай кампаніі. Каравенкова застаецца пад падпіскай аб нявыездзе і гэта перашкаджае працы. Ёй прыйшлося адмовіцца як мінімум ад 4 камандзіровак. Аднак ціск на журналістаў, па яе словах, не запалохаў іх. „Наадварот, у БелаПАН мы сталі працаваць яшчэ лепш і сталі яшчэ больш згуртаванымі,” — кажа Таццяна Каравенкова.
На день раней, 5 лістапада, абвінавачванне было прадхяўлена 5 супрацоўнікам інфармацыйнага парталу ТУТ. бай.
8 лістапада следчыя працэдуры працягнуцца. У следчы камітэт выкліканы галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і журналіст, карэспандэнт „Нямецкай хвалі” у Менску Паўлюк Быкоўскі.
***
Чатыром супрацоўнікам партала tut.by 5 лістапада выстаўленае абвінавачанне па „справе БелТА”.
„У прыватнасці, абвінавачанне ў тым, што „наўмысна з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці здзейсніла несанкцыянаваныя доступы да камп`ютарнай інфармацыі, якая захоўваецца ў камп`ютарнай сістэме і сетцы рэспубліканскага УП „БелТА”, што суправаджалася парушэннем сістэмы абароны і мела вынікам па неасцярожнасці прычыненне іншай істотнай шкоды”, выстаўленае чатыром супрацоўнікам партала tut.by”, — паведаміла рэдакцыя на сваім сайце.
Сума шкоды вар`іруецца ад 3.000 да 14.230 рублёў.
Мера стрымання абвінавачваным абраная „ў выглядзе падпіскі аб належных паводзінах і падпіскі аб нявыездзе”.
6 лістапада к 16 гадзінам у Следчы камітэт выкліканая міжнародны аглядальнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяна Каравянкова, 8 лістапада к 10 гадзінам — галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына, якая раней адмовілася ад дачы паказанняў. Яны з`яўляюцца фігуранткамі „справы БелТА”, і, па ўсім відаць, ім таксама будзе выстаўленае абвінавачанне.
Падставай да распачынання справы па ч. 2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які меў вынікам прычыненне істотнай шкоды), так званай „справы БелТА”, стала паведамленне дзяржаўнага інфармагенцтва аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія прадастаўляліся названым прадпрыемствам аднаму з яго заказчыкаў.
7—9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала tut.by і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі вобыскі. Былі затрыманыя Ірына Леўшына, Таццяна Каравянкова, галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава, а таксама рэдактары партала Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, уласны карэспандэнт „Нямецкай хвалі” Паўлюк Быкоўскі, рэдактар інтэрнэт-сайта газеты „Белорусы и рынок” Аляксей Жукаў. Усе яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Перад вызваленнем з іх узялі падпіску пра невыдаванне. 27 жніўня большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.
Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
5 лістапада па ўсім свеце праводзіцца кампанія „Станем за журналістыку”. З 2007 года акцыю арганізуе Міжнародная федэрацыя журналістаў з мэтай прыцягнуць увагу грамадскасці да галоўных пагроз, з якімі сутыкаюцца работнікі сродкаў масавай інфармацыі.
Як адзначае Беларуская асацыяцыя журналістаў, сёлета галоўнай пагрозай у краіне стала распачынанне крымінальных спраў у дачыненні да вядомых журналістаў і рэдактараў недзяржаўных медыя — „справа БелТА”.
Фота TUT.by