Лукашэнка: Расейская вайсковая база ў Беларусі непатрэбная (абноўлена)



У Крамлі не сталі каментаваць заяву Аляксандра Лукашэнкі пра непатрэбнасць Беларусі расейскай ваеннай базы.

„Я пакіну без каментароў гэтую фразу”, — цытуе прэс-сакратара расейскага прэзідэнта Дзмітрыя Пяскова агенцтва ТАСС.  Ён адзначыў, што не ведае, „які кантэкст у гэтай фразы” і не хацеў бы „гадаць на кававай гушчы”.

Пры гэтым Пяскоў падкрэсліў, што Масква і Менск узаемадзейнічаюць у межах Саюзнай дзяржавы, АДКБ, ЕАЭС і іншых аб’яднанняў. „Таму Беларусь — наш цесны партнёр і ў плане гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, і ў плане пытанняў бяспекі, гэта стратэгічная лінія”, — сказаў ён.

* * * 

На сустрэчы з прадстаўнікамі аналітычных цэнтраў ЗША 6 лістапада ў Мінску Аляксандр Лукашэнка назваў „надуманымі” разважанні аб магчымым размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расейскай ваеннай базы. Лукашэнка адзначыў, што Беларусь знаходзіцца ў ваенным саюзе з Расеяй, у якой адносіны з Захадам цяпер не самыя лепшыя. „Тым не менш на тэрыторыі Беларусі да гэтага часу няма ніякіх баз іншых дзяржаў”, — падкрэсліў ён.

„Мы ў ваенна-палітычным саюзе з Расіяй. Будзе тут база ваенная, не будзе — розніцы абсалютна ніякай няма. І мы гэтую базу не размяшчаем тут не таму, што мы хочам вам ці каму-небудзь паказаць, што мы суверэнныя і незалежныя. Мы яе не размяшчаем таму, што яна тут непатрэбная. Мы самі паводле нашай задумы, ваеннага абарончага плана з Расійскай Федэрацыяй, забяспечым тыя функцыі, якія на нас ускладзеныя”, — цытуе прэзідэнта яго прэс-служба.

„Больш за тое, — дадаў Лукашэнка, — нашы вайскоўцы ў стане эфектыўна супрацьстаяць, калі трэба, любой агрэсіі і канфлікту на тэрыторыі Беларусі. Таму што мы на сваёй зямлі, мы ў стане выканаць тыя функцыі, якія на нас ускладзеныя дагаворам з Расіяй. Калі б мы гэта не маглі зрабіць, паверце, мы звярнуліся б самі да Расіі, каб яны арганізавалі нам бяспеку. Пакуль такой патрэбы ў нас няма”.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Узброеныя сілы Беларусі, якія ўжо чатыры разы рэфармаваліся, у стане арганізаваць бяспеку краіны і выканаць свае функцыі лепш за любую іншую дзяржаву, у тым ліку Расію. „Па сваёй падрыхтаванасці, мэтанакіраванасці, сваёй эфектыўнасці. Я кажу гэта адкрыта. Таму нам непатрэбныя ніякія базы. Калі яны патрэбныя будуць, мы пра гэта скажам шчыра”, — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама падкрэсліў, што калі НАТА будзе працягваць „запалохваць”, размяшчаючы базы ў Польшчы альбо яшчэ якім-небудзь чынам, Беларусі будзе трэба больш эфектыўная зброя, перш за ўсё ракетная. „Хоць апошнім часам — вы назіраеце, мы таксама не хаваем — мы стварылі сваю ракетную прамысловасць і зрабілі сваё высокадакладнае ракетнае ўзбраенне. Таму на сённяшні дзень я нават не бачу нейкай неабходнасці ў прыцягненні іншай дзяржавы на тэрыторыю Беларусі, у тым ліку Расіі, для выканання нашых функцый, — адзначыў Лукашэнка. — Вось чаму мы катэгарычна супраць размяшчэння, тым больш базы ваенна-паветраных сіл. Час падлёту любога самалёта з тэрыторыі Расіі, калі ў гэтым будзе неабходнасць, 3—5 хвілін. Навошта тады тут база, навошта выстаўляць і падстаўляцца пад удар магчымага агрэсара, высоўваючы ваенна-паветраную базу на перадавую”.

Размовы аб ваеннай базе Расеі, лічыць Лукашэнка, з’яўляюцца не больш чым балбатнёй. „Гэта проста нейкі піяр непатрэбны. З практычнага пункта гледжання ў гэтым няма ніякай неабходнасці. Трэба будзе, мы пра гэта скажам у голас. Але мы не хочам ініцыяваць ніякіх крокаў, каб вы падумалі, што беларусы нейкія ненармальныя: кажуць адно, робяць іншае і рыхтуюцца да вайны. Мы не хочам гэтага. Але абараняцца, калі трэба, мы будзем не так, як у былыя часы. Вы ведаеце, што мы страцілі ў апошняй вайне кожнага трэцяга. Дарэчы, ваявалі разам з вамі супраць фашызму”, — нагадаў суразмоўцам кіраўнік дзяржавы.

Група амерыканскіх экспертаў знаходзіцца ў Менску 5—6 лістапада. У іх ліку былы камандуючы войскамі ЗША ў Еўропе генерал Бенджамін Ходжэс і экс-намеснік памочніка міністра абароны Майкл Карпентэр.

belapan.by

Фота president.gov.by