У Курапатах усталяваны афіцыйны мемарыяльны знак (абноўлена)



У цэнтры ўрочышча Курапаты на паўночна-ўсходняй ускраіне Менска 6 лістапада ўсталяваны афіцыйны знак у памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій 1930-40-х гадоў. Ён уяўляе сабой драўляную канструкцыю на чатырох нагах ржавага адцення, да якой падвешаны звон.

Як паведаміў БелаПАН актывіст Дзяніс Урбановіч, які назіраў за усталяваннем помніка, акультурванне прылеглай тэрыторыі можа заняць некалькі дзён.

Падрыхтоўчыя працы для ўстаноўкі памятнага знака, праект якога перамог у конкурсе Міністэрства культуры, пачаліся 15 кастрычніка. Абаронцы Курапатаў перашкодзілі працы тэхнікі, баючыся, што яе выкарыстанне без кантролю грамадскасці можа пашкодзіць месца пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій. На месцы былі праведзеныя археалагічныя раскопкі. Знойдзеныя гільзы ад патронаў для рэвальвера „Наган” і пісталета „Маўзер”.

Лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Зянон Пазняк, які знаходзіцца ў эміграцыі, у пасланні да ўдзельнікаў акцыі „Дзяды” (адбылася 28 кастрычніка) заявіў: „Улада, якая ўвесь час гробіла Курапаты, вырашыла пабудаваць там сваю канструкцыю. Рэжымная бюракратыя хоча захапіць народны мемарыял”.

***

У Курапатах усталёўваюць афіцыйны памятны знак.

На ўзгорку ў курапацкім мемарыяле, вядомым у народзе як “Галгофа”, рабочыя пачалі ўсталёўку мемарыяльнага знака, замоўленага Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі.

Памятны знак выклікаў пратэсты абаронцаў Курапатаў: праект прынялі без удзелу грамадскасці, помнік скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава актывісты ды эксперты называлі “безыменным і безадносным да часу”, стылістычна чужым адносна народнага мемарыялу. Супраць помніка пісалі адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку. Знак прапаноўвалі прынамсі перанесці з “Галгофы” ў іншае месца. У час падрыхтоўкі да ўсталёўкі знаку праводзіліся лакальныя раскопкі, падчас якіх знайшлі гільзы, звязаныя з расстрэламі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з акаўнта Юрыя Меляшкевіча ў Фэйсбуку