Сусветны банк: Беларусі трэба 40 гадоў для дасягнення ўзроўню жыцця Германіі
Пры цяперашніх тэмпах эканамічнага росту Беларусі спатрэбіцца чатыры дзесяцігоддзі, каб выйсці на ўзровень жыцця ў Германіі. Такое меркаванне выказала менеджар глабальнай практыкі па макраэканоміцы і інвестыцыях у рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі Сусветнага банка Галіна Андронава-Вінселет.
„Пры цяперашніх тэмпах росту Беларусі спатрэбіцца чатыры дзесяцігоддзі, каб дасягнуць узроўню жыцця ў Германіі”, — адзначыла эканаміст Сусветнага банка, выступаючы на Кастрычніцкім эканамічным форуме ў Мінску 6 лістапада.
Таму, падкрэсліла яна, тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі павінны паскорыцца, каб хутчэй збліжацца з узроўнем даходу ў развітых краінах.
„Для гэтага неабходна вырашыць некалькі пытанняў, а менавіта павысіць эфектыўнасць сектара дзяржпрадпрыемстваў і дынамічна развіваць прыватны сектар”, — адзначыла Андронава-Вінселет.
Паводле яе слоў, на праблемы ў дзяржсектары ўказваюць лічбы. У прыватнасці, пратэрмінаваная запазычанасць сектара дзяржпрадпрыемстваў павялічылася з 4,5% да 10% ВУП за апошнія пяць гадоў.
„Хранічныя праблемы дзяржсектара ўплываюць на фінансавы сектар Беларусі і могуць прывесці да дадатковай нагрузкі на дзяржфінансы”, — сказала прадстаўнік Сусветнага банка.
Пры гэтым эксперт звярнула ўвагу на тое, што значная частка даўгавых абавязацельстваў дзяржпрадпрыемстваў намінаваная ў замежнай валюце. „На 1 студзеня 2018 года доўг сектара дзяржпрадпрыемстваў у замежнай валюце складаў каля 15% ад сукупных актываў усёй банкаўскай сістэмы”, — удакладніла яна.