10 снежня ў польскім Сенаце – уручэнне ўзнагароды Алесю Бяляцкаму



10 снежня ў польскім Сенаце адбудзецца ўручэнне ўзнагароды Алесю Бяляцкаму старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна».

bialiacki_polshcha-b

Праваабаронца будзе ўганараваны ўпаўнаважаным па правах чалавека прафесарам Ірэнай Ліповіч, паведаміла супрацоўніца бюро амбудсмэна Анэта Стэмпень.

– Гэта ўзнагародна імя Паўла Уладковіча, якую штогод уручае ўпаўнаважаны па правах чалавека людзям, якія абараняюць правы чалавека ў свеце насуперак лёсу. Уручаецца прэмія ў міжнародны дзень правоў чалавека.

Упершыню з 2006 года, калі пачалі ўручаць ўзнагароду імя Паўла Уладковіча, прэміяй будзе ўганараваны беларус Алесь Бяляцкі.

Узнагарода прысуджаецца штогод за абарону базавых каштоўнасцяў ды ісціны, нават супраць поглядаў і меркаванняў большасці.

Павел Уладкoвіч, у гонар якога заснавана ўзнагарода, – каталіцкі святар, навуковец, юрыст, пісьменнік, рэктар Ягелонскага універсітэта, абаронца інтарэсаў палякаў у спрэчцы з рыцарамі Тэўтонскага ордэна. Ён выступаў супраць хрысціянізацыі шляхам войнаў і гвалту і за права язычнікаў захаваць сваю ўласную палітычную ідэнтычнасць. Ён прадстаўляў Польшчу ў 1421 пры папскім двары ў Рыме.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя