Мінфін не выключае падпісання праграмы з МВФ



Паспяховая рэалізацыя праграмы ўрада на 2018—2020 гады можа дазволіць выйсці на падпісанне крэдытнай праграмы з МВФ. Такое меркаванне выказаў міністр фінансаў Максім Ермаловіч, адказваючы на пытанні журналістаў у кулуарах Кастрычніцкага эканамічнага форуму 6 лістапада ў Менску.

„Паспяховае выкананне планаў урада дае нам падставу спадзявацца на рэакцыю ў адказ з боку МВФ, якая можа выявіцца ў падтрымцы структурных пераўтварэнняў у Беларусі”, — адзначыў Ермаловіч, даўшы тым самым зразумець, што ўлады не выключаюць магчымасць заключэння крэдытнай праграмы з валютным фондам.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што эканамічныя ўлады разглядаюць розныя каналы прыцягнення пазык.

„У нас ёсць доступ на рынкі Расеі і Кітая, на еўрапейскія рынкі, існуе патэнцыйная магчымасць заключэння праграмы структурных пераўтварэнняў з МВФ. Акрамя гэтага склаліся канструктыўныя адносіны з Расіяй. Інструментар, каб забяспечваць устойлівасць выканання нашых абавязацельстваў, у нас самы шырокі за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі”, — сказаў Ермаловіч.

Адказваючы на пытанні БелаПАН, міністр заявіў, што Мінфін распрацоўвае дакументы па кіраванні дзярждоўгам у доўгатэрміновым перыядзе.

„Цяпер у працы знаходзіцца праграма кіравання дзяржфінансамі, і пазыковы блок (які тычыцца кіравання дзярждоўгам. — БелаПАН.) павінен стаць складнікам гэтай дзяржаўнай праграмы”, — паведаміў чыноўнік.

У рамках падрыхтоўкі праграмы, растлумачыў Ермаловіч, Мінфін паставіў некалькі задач па кіраванні дзярждоўгам.

„Трэба пазбаўляцца ад тых даўгавых абавязацельстваў, якія прыцягваліся не ў вельмі спрыяльныя перыяды па высокіх стаўках, і пашыраць каналы запазычанняў па камфортных стаўках”, — растлумачыў міністр.

Ён паведаміў, што ад абавязацельстваў, стаўкі па якіх вышэйшыя за кошт размяшчэння еўрабондаў (каля 6% гадавых), Мінфін мае намер пазбаўляцца.

„Доўгатэрміновая задача — выйсці на ўстойлівы ўзровень дзярждоўгу, каб кошт нашых запазычанняў быў на ўзроўні краін еўрапейскага рэгіёну. Для гэтага трэба зрабіць вялікую працу”, — канстатаваў Ермаловіч.

З 5 па 15 лістапада ў Менску працуе аглядная місія МВФ. Яе мэта — падрыхтаваць штогадовы агляд бягучай эканамічнай сітуацыі ў краіне і працягнуць кансультацыі з уладамі па пытаннях эканамічнай палітыкі.

Беларусь запытвала ў МВФ крэдыт на 3 млрд долараў, аднак летам 2017 года ўрад паведаміў, што перамовы прыпыненыя. Дыскусіі працягваюцца, але бакі па-ранейшаму разыходзяцца ў пытанні аб хуткасці рэформаў.

belapan.by