Час збіраць камяні



Грамадскі дзеяч і журналіст Глеб Лабадзенка апублікаваў на сваім акаўнце ў фэйсбуку заклік да беларусаў, каб яны прывозілі камяні да муроў Крэўскага замку. “Размаўляў з рэстаўратарамі Крэўскага замку – у іх скончыліся камяні. Усе, якія вываліліся са сцен, паднятыя з зямлі і ахайна ўстаўленыя на месца. Але ясна, што за столькі год разбурэння шмат што расцягалі па будоўлях людзі”, — напісаў журналіст. Гэтае паведамленне пад назвай “Час збіраць камяні” выклікала вялікі энтузіязм сярод інтэрнаўтаў. Нехта, праўда, засумняваўся ў рацыянальнасці прапановы. Маўляў, жэст, канешне, прыгожы, але лепей было б усё-такі абвясціць збор сродкаў на пару прычэпаў звычайнай цэглы, каб рэстаўратары маглі працаваць далей. Падобныя каментары – тыповы прыклад надзвычай утылітарнага падыходу што да вырашэння творчых задач. Калі ў жыцці выключна прытрымлівацца прынцыпу рацыянальнасці ва ўсім, то ўвогуле няма сэнсу шмат у чым, у тым ліку ў аднаўленні помнікаў архітэктуры. Грошай такія ініцыятывы вымагаюць шмат, але вымяральнага эфекту ў кароткатэрміновай перспектыве вобмаль. Не тое што ад будаўніцтва сучасных лядовых палацаў, якія можна здаваць у арэнду для арганізацыі папсовых канцэртаў. Але нават такія меркаванні можна з цяжкасцю назваць крытычнымі. Збольшага ў беларускім грамадстве існуе кансэнсус адносна неабходнасці адбудовы сярэднявечных замкаў, якіх у нас засталося не так ужо і многа.

Я з вялікай цікавасцю чытаю публікацыі гісторыкаў, якія кансультуюць будаўнікоў у Крэве. У адрозненне ад кантраверсійнай рэстаўрацыі Старога замку ў Гародні, у Крэве, здаецца, робіцца ўсё больш-менш пісьменна. Аднаўленню сцен папярэднічала грунтоўная праца археолагаў. Самі работы вядуцца спакойнымі тэмпамі. Камяні ўкладаюцца ўручную, дапамагаюць будаўнікам рэстаўратаркі-керамісткі, якія ўмацоўваюць кладку маленькімі камянямі. Якасць працы – тое, што прыемна здзіўляе і ўражвае пасля прагляду шматлікіх фотарэпартажаў з Крэва. Але самае каштоўнае – гэта нават не сам факт рэстаўрацыі, колькі змяненне свядомасці жыхароў Крэва. Здаецца, чым вышэйшымі становяцца муры, тым больш гонару за сваю гісторыю адчуваюць тамтэйшыя беларусы. У адным з матэрыялаў берасцейскай журналісткі Аксаны Бровач прыводзяцца вельмі цікавыя развагі мясцовага жыхара Аляксандра Мокіча, які, вярнуўшыся з падпрацовак у Расеі, пачаў дапамагаць адбудоўваць замак.  “А калі падымешся наверх, усё мястэчка Крэва відаць, і нават маю хату – гэта так натхняе!”, — гаворыць герой публікацыі. У гэтым выказванні – ёмістае тлумачэнне, каму і навошта патрэбная дзяржаўная праграма па адбудове замкаў Беларусі. З вышыні адбудаваных замкаў і палацаў мы ўбачым сваю Беларусь пад іншым ракурсам, які нас насамрэч будзе натхняць на дзеянні, якія зробяць наш агульны дом па-еўрапейскаму ўтульным.

Яшчэ адна добрая навіна – магчымасць пачатку рэстаўрацыйных прац у Быхаўскім замку ўжо сёлета. Гісторык Мікола Волкаў звярнуў увагу на тое, што “з ініцыятывы дэпутата Ігара Марзалюка і былога віцэ-прэм’ера Анатоля Калініна Быхаўскі замак уключаны ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2018 г.” Гэта значыць, што ёсць шанс захаваць пазасталую аўтэнтыку рэзідэнцыі магнацкіх родаў Хадкевічаў і Сапегаў. Глядзіш, і на ўсходзе Беларусі з’явіцца турыстычны класцер кшталту замку Радзівілаў у Нясвіжы.

Увогуле тэндэнцыі з аднаўленнем беларускіх сярэднявечных помнікаў архітэктуры не могуць не радаваць. Хоць і праз чвэрць стагоддзя пасля абвяшчэння незалежнасці, да ўладаў пачынае даходзіць, што суверэнная дзяржава – гэта не толькі сума складнікаў (эканоміка, войска і папуляцыя), але і гістарычная спадчына.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ