Затрыманы ў Курапатах Дзяніс Урбановіч адпушчаны з міліцыі



Затрыманы ва ўрочышчы Курапаты — месцы масавых пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў — апазіцыйны актывіст Дзяніс Урбановіч адпушчаны з міліцыі пасля апытання.

Урбановіча затрымалі 7 лістапада прыкладна а 15-й гадзіне ля рэстарана „Поедем поедим”, пратэсты супраць працы якога доўжацца з 31 мая.

„Мне сказалі, што трэба аформіць паперы па адміністрацыйным працэсе аб удзеле ў акцыі 29 кастрычніка”, — паведаміў актывіст БелаПАН.

Урбановіча абвінавачваюць на падставе артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве). У Бараўлянскім аддзеле Менскага РУУС яму ўручылі позву ў міліцыю на 9 лістапада.

У Курапатах 29 кастрычніка прайшла акцыя „Ноч расстраляных паэтаў” з удзелам прыкладна 70 чалавек. Акцыя адбылася ў заходняй частцы ўрочышча, а не на цэнтральным узгорку (так званай Галгофе), дзе вяліся падрыхтоўчыя працы для ўстаноўкі мемарыяла. У падземным пераходзе ля выхаду ў бок Курапатаў была ўсталяваная імправізаваная сцэна, на якой чыталі вершы рэпрэсаваных паэтаў.

На акцыі прысутнічалі намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец, ганаровы старшыня аб’яднання „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алег Трусаў, палітолаг Аляксандр Фядута, культуролаг Сяргей Харэўскі і інш.

belapan.by