МУС прапаноўвае караць за спампоўванне дзіцячага порна



Міністэрства ўнутраных спраў прапаноўвае ўвесці адміністрацыйную адказнасць для асоб, якія спампоўваюць з інтэрнэту дзіцячую парнаграфію, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску 8 лістапада намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі (ГУНіСГЛ) МУС Дзмітрый Цаюн.

„Сваю пазіцыю мы цалкам патлумачылі, аргументавалі і апісалі перспектывы для нашай краіны, калі такая адказнасць не будзе ўведзеная, — сказаў ён. — Выкарыстанне дзяцей з любымі сэксуальнымі мэтамі — гэта гвалтоўныя дзеянні. З прычыны сваёй псіхаўзроставай няспеласці дзеці не могуць асэнсоўваць дзеянні, якія ўчыняюцца ў іх дачыненні, і мы акцэнтуем на гэтым увагу. У залучэнне ў незаконныя дзеянні дзяцей мы бачым пагрозу для падрастаючага пакалення і стараемся своечасова паставіць бар’ер”.

Паводле яго слоў, праграмнае забеспячэнне, якое выкарыстоўваецца міліцыяй для адсочвання асоб, якія пампуюць з сеткі дзіцячае порна, дазваляе дакладна вызначыць, выпадкова ці зламысна былі папярэдне загружаныя гэтыя матэрыялы і іх аб’ём.

На пытанне, што за людзі займаюцца вырабам і распаўсюджваннем дзіцячай парнаграфіі, Цаюн адказаў: „Немагчыма скласці суб’ектыўны партрэт такога чалавека. З нашай практыкі гэта зусім розныя людзі. І мужчыны, і жанчыны, з вялікіх гарадоў і пасёлка з 5 тысячамі жыхароў”.

Даволі шмат выпадкаў, калі злачынства супраць малалетніх здзяйсняюць сваякі і бацькі, падкрэсліў прадстаўнік МУС. „Некалькі гадоў таму быў зафіксаваны факт, калі гвалт дзяцей учыняла маці. Яна вырабляла парнаграфію, адпраўляла праз інтэрнэт заказчыку з Германіі”, — распавёў ён, дадаўшы, што ўсяго з удзелам жанчын былі выяўленыя два такія выпадкі — у Гомельскай і Магілёўскай абласцях.

У бягучым годзе МУС працягвае працу па прасоўванні заканадаўчых ініцыятыў у частцы ўстанаўлення адказнасці за калекцыянаванне дзіцячай парнаграфіі. „Тут галоўным абгрунтаваннем мы лічым тое, што любы парнаграфічны матэрыял з выявай дзіцяці — нязменна вынік здзяйснення ў дачыненні да яго цяжкага і/або асабліва цяжкага злачынства”, — сказаў Цаюн.

Таксама МУС прапануе „крыміналізацыю гандлю дзецьмі як самастойнага віду злачынства, які ахоплівае ўсе формы дзіцячай эксплуатацыі, незалежна ад сродкаў уздзеяння на дзяцей”, працягнуў Цаюн.

Штогод у Беларусі прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці некалькі дзясяткаў распаўсюднікаў дзіцячай парнаграфіі ў інтэрнэце. Усяго з 2009 года выяўленыя 434 злачынствы, звязаныя з абаротам дзіцячага порна. За 9 месяцаў бягучага года выяўленыя 54 такіх злачынствы, адзначыў прадстаўнік МУС.

З 2005 года ўстаноўленыя 149 непаўналетніх, якія былі выкарыстаныя ў порна-здымках. З іх 79 — малалетнія. Акрамя таго, падкрэсліў Цаюн, за гэты час 300 дзяцей было ўцягнута ў прастытуцыю.

Дзіцячае порна актыўна распаўсюджваецца і ў файлаабменных сетках, паведаміў Цаюн. Нядаўна па хадайніцтве МУС на беларускую мову была перакладзеная амерыканская праграма Child Protection Sistem, якая дапамагае адсочваць IP-адрасы патэнцыйных педафілаў, распаўсюднікаў і калекцыянераў дзіцячай парнаграфіі. Сёння ёю карыстаюцца 77 краін свету. Таксама МУС пры садзейнічанні Інтэрпола вывучае і ўкараняе іншыя прадукты, якія прымяняюцца праваахоўнікамі іншых дзяржаў у сферы процідзеяння гандлю людзьмі.

belapan.by