Арына Сабаленка намінавана на званне лепшай тэнісісткі кастрычніка
Беларуска Арына Сабаленка намінавана на званне лепшай тэнісісткі свету па выніках кастрычніка. Такая інфармацыя размешчана на сайце Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA).
Канкурэнткамі Арыны Сабаленка, якая займае 11-е месца ў сусветным рэйтынгу, з’яўляюцца дацкая тэнісістка Каралін Вазняцкі (3-і нумар рэйтынгу WTA), украінка Эліна Світоліна (4) і амерыканка Слоан Стывенс (6).
Арына Сабаленка прызнавалася лепшай тэнісісткай планеты ў верасні, а да гэтага лаўрэатамі станавіліся румынка Сімона Халеп (студзень, травень), чэшка Петра Квітава (люты, чэрвень), японка Наомі Осака (сакавік, жнівень), чэшка Караліна Плішкава (красавік) і немка Ангеліка Кербер (ліпень).
Прагаласаваць за адну з прэтэндэнтак можна на сайце WTA, пераможца будзе названа 9 лістапада.