Аляксей Матвейчук: Не дзяржава, а банда



Усё пазнаецца ў параўнанні, упэўнены 92-гадовы жыхар Кобрыншчыны Аляксей Матвейчук.

За доўгае жыццё яму прыйшлося пажыць пад польскай, нямецкай, савецкай і беларускай уладамі. Самую нізкую адзнаку пажылы чалавек, які да гэтага часу захаваў ясны розум і выдатную памяць, паставіў бальшавікам і цяперашняй уладзе, як спадкаемцы савецкай.

Аляксей Матвейчук прыгадвае пачатак Другой сусветнай вайны і прыход Саветаў:

– Быў загад палякам не ваяваць з расейцамі, здавацца ў палон. А гэта ўсатая зараза аб’явіла, што палякаў трэба забіваць. Калі месяцы два мінула, то ўжо чакалі немца. Немец прыйшоў, яго сустракалі жанчыны, якія выйшлі і махалі хусткамі, а тыя з танкаў махалі ў адказ.

Спадар Матвейчук канчаткова зняверыўся ў савецкай уладзе, калі ў 1945 годзе амерыканцамі былі вызвалены савецкія вязні, якіх пад слова гонару савецкі афіцэр пераканаў у далейшай амністыі і бяспецы. Праз ноч іх на 25 гадоў накіравалі ў Магадан:

– Хто быў там тыя 25 гадоў, усе вярнуліся і паўміралі, бо былі хворыя на туберкулёз.

Па словах Аляксея Матвейчука, беларуская ўлада абрабавала яго, калі аддала толькі 10-ю частку ад выплачаных немцамі грошай за прымусовую працу ў Нямеччыне:

– Трэба было даваць маркі праз амбасаду, а яны далі бандыту ў рукі. Не дзяржава, а банда.

У сваім жыцці ён хацеў як найменш залежыць ад улады. Пабудаваў два дамы, першы ў вобласці меў “Харлей” і новы “Масквіч”. Забяспечваў сваю сям’ю і дапамагаў людзям. А яшчэ Матвейчук быў неблагім мастаком, яго карціны ў зробленых ім рамах, раскупаліся мясцовымі жыхарамі.

Беларускае Радыё Рацыя