Следства вялі…
Пачатак лістапада прымусіў нас чарговы раз падумаць пра тое, што было, што будзе і чым сэрца супакоіцца. Можна паразважаць, гарбату з лімонам смакуючы… Раз ужо надарыўся яшчэ адзін выходны дзень!
Было – спадзяванне на лепшае… Будзе – прагнозы цьмяныя… Сэрца? Піце валяр’янку – нервы супакоіце дакладна: усе ж хваробы ад іх – ад нерваў… Вось так пачнеш разважаць пра 1917-ты – схібілі дзяды! Быў і ў нас шанец пайсці роўнай дарогай, выправіцца, але ж не, лёгкіх шляхоў не шукаем – старых памылак не прызнаем! Таму і адзначаем 7 лістапада замест лістапада 2-га.
Падчас настолькі балюча памылкі прызнаць, што прасцей ісці далей з заплюшчанымі вачыма ды пасміхацца. Прызнаць памылкі – быццам прызнаць, што ты калісьці аддаў грошы махлярам. Сорамна за сваю даверлівасць. Так адна 20-гадовая жыхарка сталіцы прасіла сваіх знаёмых пазычыць ёй трохі грошыкаў. Давалі.
Аддаць дзяўчына прапаноўвала, пералічыўшы доўг на банкаўскія карты “фундатараў”. Брала рэквізіты. Сціпла пытала пра трохзначны код, пазначаны на зваротным баку карты… Хтосьці даваў і код. Потым “мілае” дзіця атрымлівала доступ да банкаўскай карты небаракі ды пералічвала грошы на гульнявы рахунак адной букмекерскай канторы. Азарт вымагае ўсё новых і новых паступленняў.
СК выявіў 15 эпізодаў справы. Цяпер следчым трэба знайсці ўсё гэта і перадаць сумы пацярпелым. Задача няпростая і вымагае адмысловых ведаў… Не ў стылі планавай эканомікі – бліжэй да IT. Рассследаванне працягваецца. Ці будуць заспакоены пацярпелыя – пытанне!