Рызыкоўны праект, за якім стаяць вялікія грошы



На прамінулым “Першым форуме рэгіёнаў Беларусі і Украіны”, які праходзіў у кастрычніку ў Гомелі, сярод мноства транспартных і інфраструктурных праектаў была прэзентаваная прываблівая для беларускага ўрада прапанова. Кіраўнік Херсонскай абласной дзяржадміністрацыі Андрэй Гардзееў заўважыў, што Беларусь і Україна зацікаўленыя ў аднаўленні воднага шляху Е-40. Патрэба ў выкарыстанні патэнцыялу рэк для перавозкі грузаў, паводле ўкраінскага чыноўніка, абумоўленая пераарыентацыяй рынкаў збыту, якія спрабуе ажыццявіць Беларусь для ўмацавання сваёй незалежнасці. Мяркуецца, што развіццё рачной лагістыкі прывядзе да павелічэння грузазвароту па рацэ Дняпро да 25 млн тон.

Е-40 – гэта водны маршрут працягласцю больш чым у 2 тыс. км. На карце дадзены праект выглядае досыць прывабліва. Ад партоў Балтыйскага мора па Вісле, праз Буг, па Прыпяці, па Дняпры грузы будуць дастаўляцца ў тэрміналы Днепра-Бугскага лімана. І наадварот. Упершыню грамадскасць дазналася пра рэанімацыю гэтага рачнога шляху ў 2014 годзе, калі міжнародная група экспертаў з Польшчы, Беларусі і Украіны загаварыла пра патэнцыял рачных перавозак у нашым рэгіёне. У асноўным акцэнт рабіўся на тэхніка-эканамічных разліках, згодна якім укладанне дзясяткаў мільёнаў еўра можа выклікаць станоўчы эканамічны эфект. Пры гэтым пытанням экалогіі належнай увагі не надавалася.

Беларускія “зялёныя” пасля абнародвання дэталяў праекта Е-40 пачалі біць у званы. Згодна з планамі распрацоўшчыкаў, у Беларусі асноўная частка воднай трасы пройдзе па рацэ Прыпяць, якая на сённяшні дзень з’яўляецца адной з самых некранутых буйных рэк у Еўропе. Ажыццяўленне праекта прадугледжвае паглыбенне дна ракі і яе прытокаў да мінімальнай адзнакі ў 2,5 м. Для гэтага спатрэбіцца пабудаваць шэраг плацін і выпраставаць рэчышча ракі на некалькіх участках. Эколагі небеспадстаўна мяркуюць, што рэалізацыя праекта нанясе шкоду ўнікальнай прыродзе беларускага Палесся, стане пагрозай для біялагічнай разнастайнасці Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”.

Дарэчы, пасля даволі гучнай інфармацыйнай кампаніі эколагаў з трох краін на нейкі час тэма воднага маршрута Е-40 адышла на другі план. Але, як аказалася, бізнес у шапку не спаў. З украінскага боку актыўна вяліся падрыхтоўчыя працы, якія можна ўмоўна лічыць стартам праекту. Гаворка ідзе пра праект пад назвай “Водная брама Украіны”. На тэрыторыі Белазёрскага раёна Херсонскай вобласці Украіны фактычна пачалося будаўніцтва рачнога тэрмінала. Будаўніцтва прадугледжвае ўзвядзенне 5 прычалаў для адначасовай разгрузкі 4 кантэйнеравозаў класу Панамакс, газавага тэрміналу, зерневага тэрміналу магутнасцю ў 4 мільёны тон у год. Прыблізны кошт праекта – 400 мільёнаў долараў ЗША. Асноўным інвестарам выступае ўкраінскі аграхолдынг “Нібулон”, які мае даволі неадназначную рэпутацыю ў сябе на радзіме. Уласнікі кампаніі былі заўважаныя ў захопах зямельных угоддзяў, якія вымяраліся тысячамі гектараў, карупцыйных схемах і непразрыстых афшорных здзелках. Але будаўніцтва рачнога тэрміналу ў Херсоншчыне не мае мала сэнсу без далейшага развіцця праекту на тэрыторыі Беларусі і Польшчы. Такім чынам, у бліжэйшы час варта чакаць падключэння да праекту Е-40 партнёраў з беларускага боку. Гэта значыць, у беларускіх “зялёных” неўзабаве будзе шмат працы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ