Адкрыццё выставы “1918. Нараджэнне новага свету”
14 лістапада 2018 года ў 17.00 у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы “1918. Нараджэнне новага свету” ў рамках аўтарскага праекта У.А. Ліхадзедава “У пошуках страчанага” да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны.
У ходзе мерапрыемства пройдуць дзве прэзентацыі. Вядомы калекцыянер і гісторык У.А. Ліхадзедаў прадставіць фотаальбом “Беларусь 1914–1918. Вайна і мір”, паказваючы рэаліі Усходняга фронту вачыма расейскіх і германскіх салдат. А затым ў 18.00 у музейным дворыку вядомая кампанія-распрацоўшчык кампутарных гульняў “Wargaming” зладзіць прэм’ерны паказ новага кароткаметражнага фільма “Атака мерцвякоў: Асавец”, распавядаючага пра жахі Першай сусветнай на прыкладзе бітвы за Асавецкую крэпасць.
У дні стагоддзя заканчэння аднаго з самых страшных узброеных канфліктаў у гісторыі чалавецтва, які шмат у чым змяніў лёсы людзей і сфарміраваў вобраз новага свету, асабліва важна згадаць драматычныя падзеі мінулага, знайсці ў іх вытокі ўзаемапаразумення і прымірэння. Выстава “1918. Нараджэнне новага свету” не толькі дасць магчымасць пазнаёміцца з каштоўнымі гістарычнымі матэрыяламі, але і прадэманструе сучасныя падыходы да інтэрпрэтацыі трагедыі “Вялікай вайны”. Менскі цэнтр распрацоўкі “Wargaming” прадаставіць для часовай экспазіцыі эксклюзіўныя мультымедыйныя матэрыялы, прысвечаныя бранетэхніцы Першай сусветнай вайны, у тым ліку 3D-праекцыю першага серыйнага танка “Mark I”.
На выставе будуць прадстаўлены ўнікальныя артэфакты з прыватнай калекцыі У.А. Ліхадзедава, якія дазваляюць пабачыць вайну непасрэдна вачыма яе ўдзельнікаў: знакамітага немецкага франтавога фатографа Фрыца Краўскопфа, простага расійскага афіцэра-артылерыста Гарадзенскай крэпасці паручыка Конанава, вядомага мемуарыста-франтавіка А.А. Успенскага. Сярод экспанатаў – пісьмовая прылада каменданта Гродзенскай крэпасці генерала М.Н. Кайгародава, унікальны каталог гістарычнай выставы, арганізаванай у 1918 годзе ў Менску нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй, творы мастацтва, створаныя ў нямецкім палоне расійскімі і французскімі афіцэрамі, і шмат іншага.
Адкрыццё выставы “1918. Нараджэнне новага свету” стане маштабным мерапрыемствам, на якое запрошаны прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу. У гасцей будзе магчымасць пагрузіцца ў атмасферу стогадовай даўніны.