У Беларусі зноў даражэе аўтамабільнае паліва



11 лістапада кошт аўтамабільнага паліва на АЗС Беларусі павялічыцца на капейку „з мэтай далейшай кампенсацыі для НПЗ росту выдаткаў на набыццё нафты”, паведамляе канцэрн „Белнафтахім”.

Цана бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,41 рубля, АІ-95-К5-Еўра — 1,50 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,71 рубля, ДП — 1,50 рубля.

Заўтрашняе падаражанне паліва стане 23-м змяненнем цэн на яго ў 2018 годзе. Апошні раз цэны былі павялічаныя на капейку 28 кастрычніка.

Намеснік прэм’ер-міністра Ігар Ляшэнка заявіў 6 лістапада журналістам, што пры сённяшнім кошце нафты 72 долара за бараль справядлівая цана за літр бензіну АІ-92 — 77 цэнтаў.

Адказваючы на пытанне аб паліве, якое, прыбаўляючы ў цане па капейцы, падаражэла ў жніўні—кастрычніку на 12 капеек, Ляшэнка сказаў: „У доларавым эквіваленце падаражанне склала адзін цэнт. Пры сённяшнім кошце бараля ў 72 долары справядлівая цана за літр АІ-92 — 77 цэнтаў. Калі бараль будзе стабільны, павышэнне цаны на паліва на адну капейку будзе працягнута”.

Канцэрн „Белнафтахім” заяўляў, што „папярэднія змены цэн не кампенсавалі для айчынных нафтаперапрацоўчых заводаў апераджальны рост цэн на нафту ў параўнанні з цэнамі на нафтапрадукты”.

У найбліжэйшы час „Белнафтахім” мае намер прытрымлівацца „стрыманай пазіцыі па змене цэн на паліва”, заявіў журналістам 20 верасня ў Менску намеснік старшыні канцэрна Уладзімір Сізоў. „Усе павінны разумець, што мы абмяжоўваем павышэнне цаны сацыяльнымі фактарамі”, — дадаў ён.

Акрамя таго, адзначыў Сізоў, у канцэрне сочаць за дынамікай цэн на нафту, курсам рубля і змяненнем падатковага заканадаўства ў Расеі. „У залежнасці ад гэтых фактараў будзе прымацца рашэнне аб далейшым павышэнні цэн”, — сказаў ён.

belapan.by