Успамін пра Уладзіслава Ахроменку
З Уладзіславам Ахроменкам мы вучыліся ў адной школе нумар 26 горада Гомеля. Ён бы на тры гады старэйшы.
Я памятаю Уладзіслава Ахроменку, як хлопчыка, апранутага у светлы ў клетачку строй замест сіняй школьнай формы, а замест піянерскага гальштука мятлік.
Ён граў на піяніна на сцэне на школьных імпрэзах.
Падчас вучобы ў школе ў нас быў агульны вораг – садыст, якога мы згадвалі і абураліся ім да апошняга часу – ужо ў дарослым жыцці.
Мы ішлі ў жыцці побач і паралельна.
Жылі ў адных гарадах, працавалі на адных працах.
У 90-ыя гады Уладзіслаў Ахроменка быў легендай у асяродку літаратараў, якія рабілі камерцыйныя раманы.
Гаварылі, што ён піша па 36 – 40 старонак у дзень. Гэта 1994 год.
– Як? Ніхто не мог зразумець, як так хутка можна было пісаць?
Пра гэта я спыталася ў Ахроменкі летам 2015 году ў Беластоку падчас навучання на Беларускім Радыё Рацыя.
- Табе цікава праз столькі гадоў?
- Вельмі. Усім было цікава. Таямніца.
- А з вас ніхто не падумаў, што я прафесійны піяніст?
- І што?
- Хуткасць пальцаў. Я добра граў Брамса!