Румас: Дзяржава гарантуе прадпрымальнікам прадказальнасць заканадаўства



Дзяржава гарантуе прадпрымальнікам прадказальнасць заканадаўства для стабільнай працы, заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас 12 лістапада ў Менску на цырымоніі адкрыцці Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва.

„Прадпрымальнікі — гэта самая таленавітая частка грамадства, але інавацыйнае прадпрымальніцтва — напэўна, самая лепшая яго частка”, — лічыць кіраўнік урада.

Паводле слоў Румаса, для падтрымкі бізнесу ў Беларусі зробленыя сур’ёзныя крокі. „Амаль год як працуе лібералізацыйны пакет (дакументаў), і ўжо ёсць канкрэтныя вынікі”, — адзначыў ён.

У прыватнасці, паводле слоў прэм’ера, расце колькасць малых і сярэдніх прадпрыемстваў, у рамках паведамляльнага прынцыпу пачатку працы з’явілася больш за тры тысячы суб’ектаў прадпрымальніцтва, на дзве тысячы чалавек павялічылася колькасць рамеснікаў.

Румас падкрэсліў, што ў нядаўна прынятай праграме дзейнасці ўрада да 2020 года стварэнне спрыяльнага бізнес-асяроддзя разглядаецца як асноўны прыярытэт эканамічнай палітыкі. „Прынятая стратэгія развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва да 2030 года сфармавала новы парадак дня ў пытаннях дзяржаўнага рэгулявання”, — падкрэсліў кіраўнік урада. Наступным крокам ён назваў актуалізацыю дзяржпраграмы „малое і сярэдняе прадпрымальніцтва”.

„Відавочна, што стваранае празрыстае, прадказальнае і выгаднае заканадаўства, якое выключае прыняцце залішніх абцяжаранняў і новых бар’ераў, стане для бізнесу гарантам стабільнасці працы”, — заявіў Румас.

Прэм’ер-міністр выказаў надзею, што замежныя прадпрымальнікі стануць разглядаць Беларусь „не толькі як краіну для жыцця, але і як краіну для бізнесу”.

Ён падзякаваў усім прадпрымальнікам за тое, што яны аператыўна рэагуюць на выклікі і патрэбнасці рынку, генеруюць новыя ідэі і тым самым робяць значны ўнёсак у падтрыманне стабільнасці беларускай эканомікі і стварэнне перадумоў для яе ўпэўненага росту.

Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва (GEW) — штогадовае глабальнае мерапрыемства, якое аб’ядноўвае 170 краін у пошуку новых ідэй для прадпрымальнікаў усяго свету. Міжнародны форум прадпрымальніцтва — ключавая падзея тыдня ў Беларусі, якая сёлета праходзіць 12—17 лістапада.

belapan.by