Памёр кампазітар Ігар Лучанок
Позна ўвечары 12 лістапада ў Менску памёр народны артыст Беларусі і СССР, кампазітар Ігар Лучанок. Пра гэта паведамілі з бліжэйшага атачэння сям’і кампазітара.
У гэтым годзе ў Беларусі шырока адзначалі 80-гадовы юбілей Лучанка.
Стан здароўя кампазітара ў апошнія гады быў не лепшым, але стабільным, аднак 2 лістапада яго экстранна шпіталізавалі ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі Менска. Лекары дыягнаставалі інсульт, была прызначаная аперацыя. Пасля яе пацыента ўвялі ў штучную кому, з якой ён так і не выйшаў.
Сярод музычнай спадчыны Ігара Лучанка найбольш вядомыя кантата «Курган» (1962) на словы Янкі Купалы, песні «Памяць сэрца», «Мой родны кут», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Спадчына», «Алеся», «Вераніка», «Верасы» і «Дарагія мае старыя». Апрача гэтага творы для эстраднага аркестра, музыка для дзяцей і да драматычных спектакляў, радыё- і тэлепастановак, тэле- і кінафільмаў.