Абітурыенты



Палова лета праляцела, і ўрэшце мы дачакаліся цеплыні… Абітурыенцкая кампанія – гарачая пара незалежна ад надвор’я!

Нервуюцца былыя школьнікі – яшчэ больш пераймаюцца іх бацькі… Па той простай прычыне, што студэнцтва – цудоўная пара свабоды першых і час няволі для другіх. Утрымліваць студэнта – задавальненне дарагое, асабліва студэнта-платніка.

У мінулую суботу завяршыўся прыём дакументаў на бюджэтныя месцы, да 22 ліпеня стане зразумела, каму пашанцавала, а каму – не. Апошнія маюць шанец стаць студэнтамі-платнікамі, падаўшы дакументы да 31 ліпеня. Прэс-служба Міністэрства адукацыі паведамляе: план па наборы на бясплатныя месцы дзённай формы навучання ўжо выканалі пяць вышэйшых навучальных установаў краіны.

Адзначаецца, што сёлета значна павысіўся рэйтынг педагагічных спецыяльнасцей, праўда, дакладныя лічбы пакуль не названы. Магчыма, гэта звязана з ільготамі медалістам пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці? Пажывем – пабачым!

З чым звязаныя шкодныя звычкі беларускіх школьнікаў ды студэнтаў – іншае пытанне.

У Беларусі паляць больш за 65 працэнтаў студэнтаў ды школьнікаў – навіна ад галоўнага пазаштатнага кардыёлага Міністэрства аховы здароўя і дырэктара РНПЦ „Кардыялогія” Аляксандра Мрочака. У Беларусі ўжыванне тытуню з’яўляецца апасродкаванай прычынай кожнага пятага выпадку смерці сярод асоб старэйшых за 35 гадоў – цытуе словы галоўнага кардыёлага БЕЛТА.

І ўсё ж, тытунь не самая вялікая праблема, як паказвае практыка. Будучая настаўніца -жыхарка Баранавічаў, што нядаўна скончыла ВНУ ў Берасці – арыштавана за… пераўтварэнне свайго жытла ў сховішча спайсаў. Безумоўна, гэта больш прыбытковая справа, чымсьці выкладанне ў школе!

Педагагічная кар’ера тармазнула на старце па “віне” праваахоўнікаў…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ