NEXTA: З кожнай атакай мае відэа робяцца вастрэйшымі
Яго відэа збіраюць мільёны праглядаў, яго прыхільнікі – амаль 200 тысяч падпісантаў.
Сцяпан Пуціла вядомы пад журналісцкім псеўданімам Святлоў, а яшчэ больш знаны ў сеціве ў якасці палітычнага відэаблогера NEXTA. Яшчэ ў лютым, адразу пасля выезду ў Польшчу, дзе маладзён вучыцца і працуе, у кватэру да яго бацькоў прыйшлі з ператрусам па крымінальнай справе нібыта за абразу прэзідэнта.
Цяпер свае прэтэнзіі блогеру прад’явіла дзяржаўнае тэлебачанне. БТ абвінаваціла NEXTA ў парушэнні аўтарскага права, маўляў, выкарыстоўваў іх здымкі без дазволу.
Большасць відэа NEXTA ужо знікла з YouTube-каналу. Частку выдаліла адміністрацыя сэрвісу, а частку блогер быў вымушаны скрыць самастойна з-за скаргаў БТ.
Сцяпан Пуціла (Святлоў) ля свайго працоўнага месца ў рэдакцыі «Белсату»
Сцяпан Пуціла: Белтэлерадыёкампанія абвесціла свае правы на нібытавідэа, якія я паўторна загрузіў на свой канал. То бок, яны лічаць, што я проста сцягнуў іхныя відэа і загрузіў на свой канал. Насамрэч, гэта не так. Я выкарыстоўваў відэа дзяржаўных медыяў, таму што яны з’яўляюцца манапалістамі на інфармацыйным полі, асабліва з улікам матэрыялаў, дзе ўдзельнічае кіраўнік краіны.
РР: То бок, Вас абвінавачваюць у крадзежы іхнай маёмасці, выкарыстанні іхнай маёмасці?
Сцяпан Пуціла: Менавіта так. Яны падаюць адміністрацыі сэрвісу YouTube, што я нібыта краў іхныя відэа, хаця насамрэч я толькі выкарыстоўваў часткі іхнага кантэнту ў якасці цытаты, прыкладна не больш за 20%.
РР: І гэтым займаецца не хто-небудзь, а высокапастаўленыя асобы на дзяржаўным тэлебачанні.
Сцяпан Пуціла: Так. На адной са скаргаў быў пазначаны кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант. Не ведаю, магчыма гэта нейкая іншая асоба, але падпісалася Іванам Эйсмантам, глядзела ўсе відэа і адсочвала, ці не было там лагатыпу «Беларусь-1» ці «Беларусь-2».
РР: Чаму выкарыстанне відэа не з’яўляецца нейкім парушэннем, з Вашага пункту гледжання?
Сцяпан Пуціла: У Беларусі існуе закон аб аўтарскім праве, які дазваляе выкарыстоўваць відэа з любой адкрытай крыніцы ў інфармацыйных, крытычных або аналітычных мэтах. А менавіта ў гэтых мэтах я і выкарыстоўваў кантэнт дзяржаўнага тэлебачання. Тым больш, яны з’яўляюцца манапалістамі.
РР: Вамі ўзгаданы Іван Эйсмант зазначаў, маўляў, калі нейкі хлопец у інтэрнэце, блогер напіша нейкі яркі загаловак, то БТ не можа з ім канкураваць, маўляў – гэта сфера непадкантрольная дзяржаве. Дык што, Вы сапраўды за кошт яркіх загалоўкаў «падсаджваеце» дзяржаўнае тэлебачанне?
Сцяпан Пуціла: Не ведаю, ці пра мяне гэта гаварыў Іван Эйсмант, але безумоўна, можна так сказаць і пра мой канал. Я маю вольнасць у выбары загалоўкаў, я магу выбраць так, каб гэта зацікавіла гледача, каб ён паглядзеў маё відэа. Але загаловак – гэта толькі палова справы. Таму што, калі глядач заходзіць і бачыць, што там вельмі сумна, ён проста выключае гэтае відэа. Калі ж глядач праглядае гэтае відэа цалкам, потым дзеліцца з сябрамі, пакідае каментар, то YouTube сам прамуе гэтае відэа і яно збірае больш праглядаў.
РР: З чым Вы звязваеце такую атаку на Ваш канал менавіта цяпер?
Сцяпан Пуціла: Не магу з упэўненасцю адказаць на пытанне «чаму менавіта цяпер». Але Белтэлерадыёкампанія нешта спрабуе ў інтэрнэце зрабіць, нейкія шоў, «Макаёнка 9» усім вядомае. Але ў іх не атрымліваецца, яны атрымліваюць вельмі шмат негатыўных водгукаў. Таму яны выкарыстоўваюць вось такія несумленныя метады як проста штосьці заблакаваць, замест таго, каб дастойна адказваць больш цікавымі для гледача праграмамі, вастрэйшымі і больш інфармацыйна насычанымі.
РР: Ці існуе цяпер пагроза Вашаму каналу?
Сцяпан Пуціла: Цяпер існуе вялікая пагроза выдалення каналу, таму што атрыманыя два папярэджанні ад YouTube, хоць па-сутнасці ад Белтэлерадыёкампаніі, таму што яны заявілі аўтарскія правы. Калі прыйдзе трэцяе папярэджанне, то канал могуць заблакаваць. Таму я зараз настойліва раю сваім падпісантам падпісвацца на Telegram-канал і на дадатковы YouTube-канал . Дарэчы, на дадатковы YouTube-канал за некалькі дзён падпісалася больш за 15 тысячаў асобаў.
РР: У апошнім відэа Вы ў канцоўцы, адначасова і іранічнай, і надзвычай сур’ёзнай, сказалі, што мэтай Вашай дзейнасці з’яўляецца пабачыць Беларусь без Лукашэнкі, што будзе пасля Лукашэнкі. Што Вы збіраецеся зараз рабіць, калі ёсць небяспека ліквідацыі каналу? Якія будуць Вашыя далейшыя дзеянні?
Сцяпан Пуціла: Далейшыя дзеянні – працягваць тое, чым я і займаўся. Магчыма, больш востра. Таму што з кожнай вось такой атакай я заўважыў, што відэа самі па сабе робяцца больш вастрэйшымі, больш людзей падтрымлівае, больш людзей выказвае сваю пазіцыю адкрыта. І безумоўна, буду старацца згуртоўваць вакол сябе як мага больш людзей, каб яны дапамагалі ў чымсьці, і каб разам ствараць вось гэтую будучыню Беларусі.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара