Касцюм ліса пад забаронай



Хутка Каляды. А гэта значыцца, што многія задумваюцца пра калядныя карнавальныя касцюмы. Аднак выпадак у Берасці, калі мясцовага актывіста затрымалі за касцюм ліса, паказаў, што не ўсё можна апранаць. Нагадаю, чалавек-ліс прыйшоў на плошчу Леніна, дзе праходзіла акцыя супраць будаўніцтва ў Берасці акумулятарнага завода. Актывіст Канстанцін Астапук у касцюме раставой лялькі раздаваў шарыкі дзецям. Аднак ліс у вобласці, відаць, мусіць быць толькі адзін. Бо Ліс – гэта прозвішча старшыні Берасцейскага аблвыканкама. І чалавека-ліса затрымалі ды змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. У сувязі з гэтым Радыё Рацыя паглядзела прозвішчы дэпутатаў і чыноўнікаў у выканкамах, каб скласці спіс тых касцюмаў, якія лепей не апранаць на Каляды. А тое раптам камусьці таксама штосьці падасца. І давядзецца тады навагоднія святы ў ізалятары праводзіць.

Добрая навіна для калядоўшчыкаў. Паляванне на казу сёлета адмяняецца. Дзякуй богу, коз у структуры ўладаў няма. Так што, смела можна вадзіць казу ды спяваць “го-го-го каза, го-го-го шэрая”. А вось з касцюмамі розных птушак трэба быць больш асцярожным. Трэба памятаць, што ў Палаце прадстаўнікоў ёсць дэпутаты Салаўёў і Сокалаў, а ў гомельскіх райвыканкамах працуюць Уткін і Лебедзь. Калі вы набылі вуду, каб на Каляды пераўвасобіцца ў рыбака, то лепей прыхавайце гэты касцюм для вузкага кола, бо ў заканадаўчай уладзе адзін Рыбак ужо ёсць. Лепей пакласці на дальнюю паліцу касцюмы ваўка, бабра ды жука. І, пераходзячы ў свет нематэрыяльны: лепей забыцца на касцюм цвіка. І хоць у структуры ўлады Цвіка няма, але ёсць Гвоздзь. І потым не дакажаш , што думаеш па-беларуску. Карацей, перад тым, як выбраць сабе карнавальны касцюм, пагугліце, ці не пакрыўдзіцца на яго хто-небудзь з прадстаўнікоў улады. У любым разе, ліса лепей нават на дзяцей не надзяваць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ