Рэанімацыя артыкула Крымінальнага кодэкса?



У першай палове гэтага году ўлады абяцалі адмяніць артыкул 193.1 КК, які дае прававыя падставы для пераследу грамадзян за іх удзел у незарэгістраванай арганізацыі. Але ўжо ў лістападзе ў Беларусі была распачатая праверка ў межах крымінальнага працэсу па артыкуле 193.1 у дачыненні да адміністратара інтэрнэт-старонкі “Магілёўская вясна” Алеся Буракова.

“Праваабарончы Цэнтр “Вясна” – адна са старэйшых грамадскіх арганізацый у Беларусі, якая займаецца абаронай правоў чалавека. У 2003 годзе Вярхоўны суд ліквідаваў гэтае грамадскае аб’яднанне. У 2007 годзе Камітэт ААН па правах чалавека палічыў ліквідацыю “Вясны” парушэннем права на свабоду асацыяцый. У наступныя гады праваабаронцы некалькі разоў спрабавалі зарэгістравацца, але Мінюст адмаўляў ім па надуманых прычынах. Умовы паўлегальнага становішча гэтай арганізацыі істотна звужаюць магчымасці для эфектыўнай дзейнасці, маргіналізуюць праваабаронцаў і ствараюць перадумовы для пераследу актывістаў “Вясны”.

Яшчэ ў красавіку гэтага года прадстаўнік афіцыйнай беларускай дэлегацыі Дзмітрый Шырын, адказваючы на пытанні ў Камітэце супраць катаванняў ААН, запэўніваў у хуткай дэкрыміналізацыі артыкула за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. І сапраўды, праз пару тыдняў на Нацыянальным прававым партале Беларусі быў апублікаваны законапраект зменаў у Крымінальны кодэкс, які падрыхтавалі ў Савеце міністраў. Адной з прагрэсіўных зменаў мелася быць скасаванне адыёзнага артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу. Што праўда, гаворка не вялася пра поўную адмену артыкула, які робіць немагчымым нармальнае развіццё грамадзянскай супольнасці ў прынцыпе. Прапаноўвалася перакваліфікаваць спробу дзейнасці без рэгістрацыі ў разрад адміністрацыйных правапарушэнняў, якія прадугледжвалі б штрафныя санкцыі да 50 базавых велічыняў. То бок, уводзілася завуаляваная форма рэпрэсій, якая б надалей дазваляла кантраляваць несанкцыянаваную грамадскую актыўнасць беларусаў.

З 2005 года артыкул  193.1 КК вісеў дамоклавым мячом над усёй грамадзянскай супольнасцю Беларусі. У асноўным прымяненне гэтага артыкула адбывалася на фоне электаральных падзей. Першымі пацярпелі за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі назіральнікі за выбарамі з грамадскага аб’яднання “Партнёрства”. Некалькіх сябраў арганізацыі пакаралі турэмным зняволеннем. Пазней, паводле артыкула 193.1 КК, пераследвалі актывістаў “Маладога фронту” і праваабаронцаў з “Вясны”. Былі выпадкі штрафаў і рэальных турэмных тэрмінаў. Прымяненне гэтага артыкула 193.1 перавяло Беларусь у катэгорыю краін-ізгояў, якія не шануюць правы чалавека і імкнуцца пабудаваць таталітарныя рэжымы. Да падобных інавацый у плане забароны свабоды асацыяцый дадумаліся толькі ў Туркменістане, Паўночнай Карэі, Кітаі.

Нягледзячы на даволі пазітыўныя сігналы адносна магчымай адмены крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, якія падаваў афіцыйны Менск цягам 2018 года, факт пераследу рэдактара “Магілёўскай вясны” паказаў, што ўлады насамрэч не планавалі адыходзіць ад практыкі рэпрэсіўных захадаў у дачыненні да сваіх апанентаў. Вельмі сумнеўна, што магілёўскія міліцыянты, якія распачалі працэс у дачыненні да Алеся Буракова, сыходзілі з уласнай ініцыятывы. Абсалютна відавочна, што гаворка ідзе пра рэанімацыю той нормы, якая да нядаўняга часу лічылася некаторымі экспертамі і праваабаронцамі непрацуючай. Вяртанне ўлады да метадаў крымінальнага пераследу грамадскіх актывістаў азначае, што Беларусь стаіць на парозе старту чарговай прэзідэнцкай гонкі. Калі існуе рызыка страты ўлады, кіраўніцтва краіны менш за ўсё будзе думаць пра неадпаведнасць артыкула 193.1 Канстытуцыі і міжнародным абавязальніцтвам Беларусі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ