Гары Паганяйла: Кропкавыя рэпрэсіі ніхто не адмяняў



Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла распавёў, чаму ідзе ціск на сябраў Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Як стала вядома Радзе ПЦ “Вясна”, 8 лістапада сябра арганізацыі Алесь Буракоў быў выкліканы ў Кастрычніцкі РАУС г. Магілёва. Яму было прапанавана даць тлумачэнні ў сувязі з правядзеннем у дачыненні да яго праверкі органаў МУС па арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь па “факце дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі ПЦ “Вясна”.

Праваабаронцы ўжо заявілі, што яны расцэньваюць распачатую органамі МУС г. Магілёва праверку ў дачыненні да Алеся Буракова, як “чарговы нічым не прыхаваны ціск ў сувязі з ягонай актыўнай праваабарончай дзейнасцю, а таксама як ціск на ўсіх сябраў ПЦ “Вясна” ў цэлым”.

Гары Паганяйла: Норма закона, якая прадугледжае адказнасць за дзейнасць незарэгістраванай арганізацыі, і насамрэч не адменена, таму ў гэтым накірунку ўлады па-ранейшаму могуць рабіць тое, што ім захочацца. Іншая справа, што пра гэтую норму апошнім часам асабліва не ўспаміналі, але, як бачым, час ад часу абвастрэнні здараюцца. Хаця праваабаронцы ўжо даўно ўказваюць, што гэта – неканстытуцыйная практыка аб прыцягненні да адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Але ўлады, мяркуючы па ўсім, застаюцца на старых пазіцыях. Хаця быў час, калі афіцыйна заяўлялася, што зараз ідзе праца над выключэннем вышэйзгаданай нормы. Артыкул проста перавялі ў частку адміністратыўнай адказнасці, але ж поўнасцю адменены не быў.

РР: Чаму зараз ізноў вырашылі ўспомніць пра гэтую норму?

Гары Паганяйла: Пра яе ўспамінаюць, калі патрэбна некага прыціснуць. На мой погляд, тут не варта шукаць вялікай палітыкі. Гэта проста кропкавая практыка рэпрэсіўных органаў, якія такім чынам вядуць барацьбу з іншадумствам. Кропкавыя рэпрэсіі ніхто не адмяняў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя