За кошт чаго бюджэтнікам падымуць заробкі?



Эканаміст Барыс Жаліба распавёў, ці спраўдзяцца ў наступным годзе планы ўрада па заробках.

Урад прагназуе, што сярэдні заробак бюджэтнікаў у 2019-м годзе складзе 800 рублёў, па краіне – 1000 рублёў.

Барыс Жаліба: Планы досыць рэальныя, бо сярэдні заробак у 1000 рублёў мы ўжо практычна маем. Што ж датычыцца бюджэтнікаў, то падцягнуць іх заробкі прасцей за ўсё. Напрыклад, можна перарабіць структуру бюджэта на карысць сацыяльных артыкулаў. Але, натуральна, галоўнае тут не падвышэнне заробкаў чыноўнікаў, як гэта раней рабілася, а, каб сталі больш забяспечанымі нізкааплочваемыя катэгорыі работнікаў – настаўнікі, урачы, выхавальніцы дзіцячых садкоў. Вось гэта галоўнае! Хаця, як ужо казаў, тэхнічна падвысіць заробкі бюджэтнікам не вельмі складана.

РР: Ці атрымаецца так, што ў першую чаргу атрымаюць істотныя падвышэнні нізкааплочваемыя катэгорыі?

Барыс Жаліба: Час пакажа, але сярэдні заробак у 800 рублёў усё роўна будзе. У наступным годзе інфляцыя запланавана на ўзроўні 5 адсоткаў гадавых, таму, напэўна, вырастуць і рэальныя заробкі. Хаця пабачым, у каго яны больш вырастуць: настаўнікаў і медыкаў альбо чыноўнікаў? У нас звычайна апошнія паляпшаюць свой дабрабыт.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя