Алесь Смалянчук прэзентаваў у Варшаве кнігу пра Скірмунта



У варшаўскім “Collegium Civitas” прэзентавалі кнігу прафесара Алеся Смаленчука “Раман Скірмунт – жыццяпіс грамадзяніна Краю”. Дэпутат Расейскай Дзяржаўнай думы, прэм’ер Беларускай Народнай Рэспублікі, сенатар міжваеннай Польшчы – шляхціц з Палесся паспеў пабыць палітыкам у трох дзяржавах.

Як ацаніць тоеснасць выбітнага дзеяча, і ці можна казаць пра нейкую адну нацыянальнасць Рамана Скірмунта, разважае аўтар кнігі Алесь Смалянчук:

– Безумоўна, ён быў беларусам. Яго беларуская палітычная дзейнасць была не вельмі працяглы час. Але ён быў беларусам і адначасна быў палякам. І адначасна быў літвінам гістарычным. І адначасна быў палешуком… Гэта свядомасць чалавека, які яшчэ жыў напачатку эпохі нацыяналізму. Былі розныя ўзроўні і падузроўні гэтай свядомасці.

Яшчэ на мінулым тыдні гісторык прэзентаваў сваю працу ў Гародні. Сустрэчу з Алесем Смаленчуком у Варшаве арганізавала ініцыятыва “Беларуская Нацыянальная Памяць”.

Саму кнігу “Раман Скірмунт – жыццяпіс грамадзяніна краю” ўжо неўзабаве можна будзе набыць у Беларусі, у прыватнасці ў менскай “Акадэмкнізе”.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава