Палякі Глыбокага адзначылі 100-годдзе незалежнасці Польшчы
Гэта адбылося ў былым будынку суда, дзе калісьці жыў пісьменнік і журналіст Тадэвуш Даленга-Мастовіч. Ён пісаў на польскай мове, вядомы як аўтар рамана “Знахар” і рэдактар газеты «Rzecz Pospolita».
У Глыбокім палякамі лічаць сябе некалькі дзясяткаў чалавек, карту паляка атрымала яшчэ больш, але на імпрэзу сабраліся толькі адзінкі. Праводзіла мерапрыемства выкладчыца польскай мовы і старшыня грамадскага аб’яднання “Польска Мацеж Школьна” на Браслаўшчыне Эўлалія Пяткевіч.
– Нас на Віленшчыне, у Глыбоцкім і Браслаўскім раёнах, даволі вялікая лічба – каля 80%. Тыя, хто ўжо ведае, што мае альбо маму, альбо тату паляка, і тыя, хто яшчэ шукае ў зліквідаваных архівах, што дзед, прадзед ёсць альбо быў палякам, мае вайсковы білет, дзе ўпісана паляк, дзе ў дамавых кнігах напісана, што ўся сям’я польская, а ў пасведчанні аб нараджэнні пастаўлены мінус.
Падчас імпрэзы гучалі гімн Польшчы, вершы, песні на польскай мове. Скончылася мерапрыемства агульнай бяседай і танцамі.
Глыбоцкія палякі ўшанавалі і памяць польскіх салдат, якія загінулі падчас савецка-польскай вайны. А таксама наведалі магілу польскага памежніка Паўла Палчынскага на старых могілках “Копцеўка”.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае
Фота аўтаркі