Вінцук Вячорка: Вельмі важна, каб людзі смялей акрэслівалі сваю мову беларускай
Сёння госць Рацыі – Вінцук Вячорка, беларускі палітык, мовазнаўца і журналіст.
РР: Ваша маці – філолаг, бацька – эканаміст. Што паўплывала на тое, што вы самі сталі філолагам? Зоркі сышліся так ці маці паўплывала?
Вінцук Вячорка: Мяне заўсёды цікавілі розныя мовы і знакавыя сістэмы, літары розных алфавітаў. Напэўна, спадчыннасць таксама паўплывала. І паўплывала разнамоўнасць таго горада Берасця, таго Палесся, кутка Століншчыны, адкуль паходзіць наш род. Я чуў і розныя мовы, і розныя дыялекты, нейкім чынам усё гэта супастаўляў. Ведаў, што тут жа, за мяжой, ёсць іншая краіна, чуў польскую мову, бачыў тэксты па-нямецку і па-ангельску. І вельмі рана пачаў чытаць кнігі, прысвечаныя мовазнаўству. Мне было тады гадоў 5 ці 6. Думаю, гэта моцна на мяне паўплывала.
РР: Гэтыя кнігі маці прапанавала вам пачытаць?
Вінцук Вячорка: Гэтыя кнігі стаялі ў яе на паліцы, і я браў іх сам.
РР: Ва сказалі, што паходзіце з Берасця. Гэта памежны рэгіён з Польшчай, як і Гарадзеншчына. Адныя кажуць Гародня, другія – Горадня. Якой назвы вы прытрымліваецеся?
Вінцук Вячорка: Навуковых пярэчанняў таму, што націск павінен падаць на першы склад, няма. Горадня – так пісалі і гаварылі раннія «нашаніўцы». Дарэчы, вялікі артыкул Вацлава Ластоўскага ў той класічнай «Нашай ніве» называўся менавіта «Горадня». У айцоў БНР, калі ўзяць двухтомны зборнік дакументаў БНР, мы сустрэнем альбо форму Гродна, узятую жыўцом з расейскага канцылярска-адміністрацыйнага свету, альбо форму Горадня – і ўсё. У Менску да 1933 года ўсе выданні трымаліся формы Горадня, віленскія выданні таксама. Форма Гародня прыйшла і замацавалася дзякуючы пісьменнікам. Адзін раз яе ўжыў Максім Багдановіч, а ўжо ў пазнейшыя часы, безумоўна, рамантычная кніга Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» вельмі магутную ролю адыграла, хоць пісьменнік мае права назваць выдуманы горад, як заўгодна. Гэта зусім не навуковы факт. Калі капацца ў гісторыі, дыялекталогіі, то, хутчэй за ўсё, найбольш пракаветнай формай была Горадна, але ўсё роўна з націскам на першы склад. А ўжо суфіксацыю на «-ня» наўрад ці мэтазгодна цяпер змяніць, таму я за Горадню.
РР: Некаторыя мовазнаўцы кажуць, няхай людзі размаўляюць на трасянцы, такім чынам яны пяройдуць да правільнай літаратурнай беларускай мовы. Некаторыя – супраць трасянкі. Вы як да гэтага ставіцеся?
Вінцук Вячорка: Заклікаць, загадваць мы не можам і не зможам. Акрамя таго, трасянка гэта ж не нейкая моўная сістэма са сваім слоўнікам, граматыкай. Трасянка ўзнікае кожную секунду ў вуснах тых, хто мае беларускую моўную аснову, але спрабуе пры гэтым гаварыць па-расейску. І адзін раз у такога чалавека будзе адна прапорцыя расейскіх слоў, другі раз іх будзе болей альбо меней. На жаль, апошнія дзесяцігоддзі праз трасянку ішла толькі адна дарога – ад беларускай мовы да моўнай русіфікацыі. Іншая рэч, такіх людзей трэба не тое каб заахвочваць гаварыць трасянкай, яны ўсё роўна будуць гаварыць так, як яны гавораць, а пераконваць, што калі ў тваім маўленні ёсць хаця б акцэнт, калі ты ўжываеш хаця б беларускія каларытныя выразы, то лічы на здароўе сваю мову беларускай. Не думай, што беларуская мова гэта толькі тое, што ты чуў у школе, альбо чуеш з рэдкіх беларускамоўных перадачаў афіцыйнага тэлевізара. Беларуская мова – гэта і дыялект, гаворка тваіх вясковых бацькоў ці дзядоў. Ні ў якім разе не трэба казаць пра такія дыялекты, што наша мова змешаная. Нічога падобнага. Гэта проста народная мова, якая крыху адрозніваецца ў розных рэгіёнах Беларусі. У нас усё ж такі немалая краіна геаграфічна.
І ў гэтым сэнсе вельмі важна, каб напярэдадні перапісу 2019 года людзі смялей акрэслівалі сваю мову беларускай. Я за любую форму маўлення з беларускімі элементамі.
РР: У сувязі з перапісам насельніцтва ў 2019 годзе, Вы выказалі засцярогу, што колькасць носьбітаў беларускай мовы зменшыцца. ТБМ, напрыклад, заклікае да таго, каб людзі пазначалі беларускую мову як асноўную, як размоўную. Што будзе?
Вінцук Вячорка: Я думаю, што будзе горш, чым дзевяць гадоў таму, бо моўная палітыка дзяржавы прынцыпова не змянілася. Тое, што апошнімі гадамі перасталі яўна цкаваць некаторыя незалежныя ініцыятывы, звязаныя з мовай, – гэта “Арт Сядзіба” , курсы “Мова Нанова”, беларускамоўныя рок-выканаўцы, якім калі-нікалі дазваляюць выступіць, – гэта ўсё ж такі не скасавала галоўнага. Беларуская мова не мае паўнацэнных функцый у дзяржаве, у адукацыі і эканоміцы. Ну, і людзі, на вялікі жаль. Чалавек – гэта звер прагматычны. І ён бачыць, што для ягоных дзяцей беларускамоўнасць не азначае нейкага надзейнага месца ў гэтым жыцці. Так, гэта каштоўнасць, але ахвяравацца дзеля таго, каб толькі гэтай каштоўнасцю валодаць і больш нічым, не ўсе гатовыя. І адпаведна пераносяць гэтую гатоўнасць на перапіс. Безумоўна нам усім, хто разумее, чым небяспечна, калі раптам колькасць фармальна носьбітаў беларускай мовы стане менш за палову, трэба ўсё зрабіць, каб гэта не адбылося. На жаль, гэта цяжка. Таму што ключавое пытанне перапісу так і не было змененае. Яно там некарэктнае, недапасаванае да нашай сітуацыі. Калі чалавека пераконваюць, што родная мова – гэта не тая, якую ты любіш і лічыш сваёй каштоўнасцю, а тая, якой ты магчыма вымушана загаварыў упершыню ў сваім жыцці, то гэта скажае рэальную сітуацыю ў Беларусі.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Гутарыла Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя