Блогера Сяргея Пятрухіна адпусцілі з ІЧУ



14 лістапада каля 11.30 з ізалятара часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця адпусцілі мясцовага блогера Сяргея Пятрухіна.

Як паведаміў БелаПАН блогер, у ІЧУ яму ўручылі позву з’явіцца 16 лістапада ў 11.00 у суд Ленінскага раёна. У гэтым судзе будзе разглядацца яго справа па арт. 24.6 КоАП (ухіленне ад яўкі ў орган, які вядзе адміністрацыйны альбо крымінальны працэс).

„Гэты пратакол на мяне склалі за тое, што я ў нядзелю, 4 лістапада, не з’явіўся ў Ленінскі РАУС па позве. І гэта прытым, што я тэлефанаваў у райаддзел міліцыі і сказаў, што магу прыйсці туды ў любы дзень, акрамя выхадных, і паведаміў уважлівую прычыну, — сказаў Пятрухін. — Учора мяне „закрылі”, таму што, як мне заявілі, я магу не з’явіцца ў суд. Сёння ў міліцыі вырашылі, што я прыйду ў суд, і выпусцілі з ІЧУ. Інакш, як дробным паскудствам, гэта назваць немагчыма”.

Пятрухіна затрымалі 13 лістапада каля 12.30 у Берасці ў апорным пункце міліцыі на вуліцы Бярозаўскай. Туды мясцовыя блогеры Пятрухін і Аляксандр Кабанаў прыйшлі запісаць інтэрв’ю з участковым інспектарам. Той адмовіўся даць інтэрв’ю, а калі блогеры выходзілі з яго кабінета, сказаў, што Пятрухін затрыманы.

Пасля гэтага Пятрухіна даставілі ў Ленінскі РАУС, дзе склалі пратакол па арт. 24.6 КоАП. Затым блогера змясцілі ў ІЧУ.

Раней Пятрухіна і Кабанава, якія на інтэрнэт-рэсурсе Youtube у сваім праекце „Народны рэпарцёр” асвятляюць сітуацыю вакол будаўніцтва акумулятарнага завода, неаднаразова затрымлівалі і прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку па артыкуле 23.34 КоАП.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі гэтага праекта і дамагаюцца прыпынення будаўніцтва.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені. Паводле дадзеных праваабаронцы Рамана Кісляка, за гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне 24 мітынгаў, 12 пікетаў і адной дэманстрацыі. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Брэстаўчанкі супраць свінцу” на ўскраіне горада, у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

31 кастрычніка прэм’ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што асцярогі наконт будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце крыху перабольшаныя. „Праект прайшоў усе неабходныя экалагічныя экспертызы, і ў заказчыкаў гэтага прадпрыемства ёсць усе неабходныя дазволы на правядзенне работ”, — сказаў ён. Несумненна, лічыць Румас, такія буйныя праекты павінны ўзгадняцца з жыхарамі. „Але важна разумець, што гэта ж і вырашэнне праблемы занятасці для рэгіёнаў. На гэтых прадпрыемствах нашы грамадзяне змогуць атрымаць працоўныя месцы. Улічваючы, што гэта высокатэхналагічныя праекты, яны змогуць атрымліваць дастойную заработную плату”, — заявіў ён.

З 25 лютага па нядзелях на плошчу Леніна ў Брэсце прыходзяць праціўнікі акумулятарнага завода, каб абмеркаваць звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства навіны.

belapan.by