Як будзе выглядаць помнік князю Глебу Менскаму ў цэнтры сталіцы?



У Менску 13 лістапада падвялі вынікі конкурсу на стварэнне помніка князю Глебу Менскаму, выбраўшы пераможцу.

Галоўны архітэктар Менска Павел Лучыновіч кажа, што з ініцыятывай усталяваць помнік Глебу Менскаму ў гарвыканкам звярнуліся прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Гэтую ідэю падтрымаў кіраўнік сталіцы Андрэй Шорац, і ўлады аб’явілі адкрыты конкурс на стварэнне манумента.

Па выніках першага этапу конкурсу ў кастрычніку журы вызначыла дакладнае месца і кампазіцыю помніка — гэта павінна быць (першая ў Менску!) конная скульптура насупраць Кафедральнага сабора ў Верхнім горадзе.

Учора ж прайшоў другі этап конкурсу, на якім з 17 прэтэндэнтаў выбралі пераможца. Павел Лучыновіч кажа, што з відавочным адрывам выйграла вось гэтая праца:

Яе аўтарамі з’яўляюцца скульптары Мікалай Байрачны і Алег Купрыянаў, а таксама архітэктар Анатоль Сярэдзіч.

Другое і трэцяе месца падзялілі працы Аляксандра Шатэрніка і Віктара Крамарэнкі, а таксама Юрыя Анушкі і Аляксандра Данцова. Яны выглядаюць вось так:

У склад журы ўваходзілі 17 чалавек. Сярод іх былі скульптары, архітэктары, навукоўцы і профільныя чыноўнікі. Напрыклад, Юрый Градаў, Міхаіл Гаухфельд, Іван Міско, Алесь Шаціла, Леанід Хобатаў і іншыя.

Павел Лучыновіч кажа, што ўсе працы былі выстаўленыя пад кодамі і аб іх аўтарах можна было толькі здагадвацца па стылі і манеры выканання. Галасаванне ўмоўна праходзіла ў два туры. Так, спачатку члены журы галасавалі па кожнай скульптуры наконт таго, ці праходзіць яна далей. У выніку засталіся тры кампазіцыі, пераможцу сярод якіх выбралі таемным галасаваннем.

Па словах Паўла Лучыновіча, помнік з’явіцца не раней за канец 2019 года. Менавіта ў гэтым годзе спаўняецца 900 гадоў з дня смерці князя Глеба. Глабальных перайначванняў кампазіцыя не зведае, хіба што архітэктары яшчэ папрацуюць над яе прывязкай да мясцовасці.

Глеб Менскі (1050-я—1119) — сын вялікага полацкага князя Усяслава Чарадзея і родапачынальнік менскай галіны полацкіх князёў. Дзякуючы яму Менск быў пабудаваны на сучасным месцы, бо да гэтага горад размяшчаўся на прытоку Пцічы Менцы. Будучы менскім князем, Глеб ваяваў і стараўся пашырыць свой уплыў. На яго рахунку як мінімум паходы на балтыйскія плямёны і захоп Слуцка. Падчас чарговай вайны з Кіевам трапіў у палон і неўзабаве памёр. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.

TUT.BY