Законапраект, які ўтрымлівае магчымасці для пераследу



Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў атрымалі законапраект па пытанні барацьбы з праявамі нацызма і экстрэмізма. У пакеце правак, прапанаваных распрацоўшчыкамі з МУС, цэлы шэраг змяненняў, якія могуць істотна ўскладніць жыццё даследчыкам гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя, мастакам, кінарэжысёрам і людзям іншых творчых прафесій. Некалькі фармулёвак увогуле выглядаюць настолькі сырымі, што дазваляюць адвольна інтэрпрэтаваць паняткі “распаўсюд і прапаганда нацыстоўскіх сімвалаў”. Хаця, цалкам магчыма, ініцыятары змянення заканадаўства адмыслова пакінулі такія дэфініцыі, якія пры жаданні ствараюць магчымасці для пераследу шырокага кола грамадзян.  

У Беларусі і раней дзейнічалі прававыя інструменты для пераследу асобаў, якія прапагандавалі экстрэмізм і нацызм. Грамадзян, якія па неасцярожнасці альбо наўмысна змяшчалі ў сацсетках альбо ў медыйнай прадукцыі сімвалы NSDAP, SS і іншых злачынных фармаванняў нацыстоўскай Нямеччыны, маглі пакараць арыштам альбо штрафам, як тое прадугледжвалася артыкулам 17.10 Адміністрацыйнага кодэксу. Для асобных выпадкаў, якія мелі прыкметы распальвання варожасці на глебе расавай, нацыянальнай альбо рэлігійнай нецярпімасці, існаваў артыкул 130 КК з больш сур’ёзнымі пакараннямі. Але камусьці з сілавых структур падалося, што наяўных законаў малавата. З гэтай мэтай былі распрацаваныя дастаткова спрэчныя новаўвядзенні, якія выклікаюць непрыманне з боку супольнасці навукоўцаў-гісторыкаў. У прыватнасці, гаворка ідзе пра пункты “нацыстоўская сімволіка” і “рэабілітацыя нацызму”.

Паводле новай трактоўкі, да нацыстоўскай сімволікі адносяцца не толькі звыклыя атрыбуты нацызма (сцягі, гімны, форма, вымпелы, значкі Нацыянал-сацыялістычнай партыі Германіі і яе ваенізаваных структур), але і сімвалы, якія “выкарыстоўваліся арганізацыямі, якія супрацоўнічалі з акупацыйнымі структарамі на тэрыторыі СССР у гады ІІ Сусветнай вайны”. Паводле гэтага пункта, могуць прыцягвацца да адказнасці людзі, якія, напрыклад, у навуковых мэтах вывучаюць сімволіку нацыстоўскіх фармаванняў. Але найбольш небяспечны момант – у тым, што пры належнай трактоўцы да нацыстоўскіх сімвалаў могуць быць аднесеныя і крыж Ярылы, бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”, паколькі гэтыя знакі выкарыстоўваліся шэрагам структур, хоць і без афіцыйнага дазволу акупацыйнай адміністрацыі. Але самае цікавае пад такую фармулёўку ў роўнай ступені трапляе, напрыклад, расейскі трыкалор з цяперашнім афіцыйным гербам РФ як сімвалы РОА і некаторых іншых калабарацыянісцкіх расейскіх арганізацый у гады ІІ Сусветнай вайны. Па такой жа логіцы, да злачынных сімвалаў можна таксама аднесці і сцяг Францыі, паколькі французскі трыкалор таксама быў легальным сімвалам калабарацыянісцкага ўраду Пэтэна.

Панятак “Рэабілітацыя нацызму”, які з’яўляецца ў новай версіі прапанаванага закона, таксама выклікае мноства пытанняў. У прыватнасці, магчымасць пераследу за “праслаўленне асобаў, якія супрацоўнічалі з імі (злачыннымі арганізацыямі, прызнанымі прысудам Міжнароднага трыбуналу) на акупаванай тэрыторыі СССР у гады ІІ Сусветнай вайны”. Пры жаданні да ліку калабарацыяністаў можна аднесці рэлігійныя арганізацыі, якія аднавілі набажэнствы ў гады акупацыі (РПЦ, напрыклад). Калі развіваць тэму “рэабілітацыі нацызму” далей, то ўвогуле можна дайсці да абвінавачання той жа камуністычнай партыі, паколькі ў гады ІІ Сусветнай вайны былі факты супрацы камуністаў з нацыстамі. Узгадайма хаця б супольны парад нямецкіх і савецкіх войскаў восенню 1939 года ў Берасці.

Увогуле прапанаваныя праўкі ў заканадаўстве наштурхоўваюць на думку, што аўтары законапраекта зусім не разумеюць спецыфіку гісторыі Беларусі ў ХХ стагоддзі. Толькі выхаваныя на савецкіх падручніках па гісторыі людзі могуць лічыць, што вайна пачалася 22 чэрвеня 1941 года з моманту нападу Германіі на СССР. Насамрэч першыя бамбёжкі беларускія гарады адчулі на сабе яшчэ ў верасні 1939 года.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ