За 10 месяцаў 2018 у Беларусі зарэгістравана амаль 25 тыс. крадзяжоў



За 10 месяцаў 2018 года ў Беларусі зарэгістравана амаль 24,9 тыс. крадзяжоў. Гэта на 7,6% менш за паказчык аналагічнага перыяду мінулага года, паведамляе прэс-служба МУС.

Радзей сталі красці з жылля, адзення, ручной паклажы і аўтамабіляў. У 93% выпадкаў выкрадалася прыватная маёмасць.

Крадзяжы — найбольш распаўсюджаны від злачынстваў у сельскай мясцовасці, які складае 46% усіх злачынстваў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 13,8% павялічылася колькасць крадзяжоў з магазінаў, у тым ліку на 9,2% — з гандлёвых аб’ектаў у сельскай мясцовасці.

„Прычынамі і ўмовамі злачынстваў у вёсках з’яўляюцца п’янства і працоўная незанятасць грамадзян, а таксама нізкая матывацыя для свайго развіцця насельніцтва працаздольнага ўзросту, схільнага да асацыяльнага ладу жыцця і правапарушэнняў, — адзначаецца ў паведамленні. — Акрамя таго, на статыстыку адмоўна ўплывае перавага ў сельскіх населеных пунктах людзей сталага ўзросту, якія атрымліваюць стабільны даход у выглядзе пенсіі і, як следства, з’яўляюцца патэнцыйнымі ахвярамі ў сілу няздольнасці да актыўнага супраціўлення”.

belapan.by