Ігар Брыла: Ніякай „харчовай вайны” з Расеяй у нас не было і не будзе



Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыла 14 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіў, што не лічыць часовыя абмежаванні Рассельгаснагляду „войнамі”.

„Журналісты часта кажуць пра нейкія войны. Я хачу сказаць: ніякай вайны не было і не будзе, тым больш з Расейскай Федэрацыяй. У вайне заўсёды ёсць пераможаны. У нашых узаемаадносінах толькі павялічваецца аб’ём экспарту нашай прадукцыі. А ўсе шурпатасці, якія ўзнікаюць па шэрагу прадпрыемстваў, мы здымаем”, — сказаў Брыла.

Ён нагадаў, што пасля сустрэчы двух профільных віцэ-прэм’ераў і міністраў бакі падпісалі дарожную карту па зняцці абмежаванняў на пастаўкі прадукцыі жывёлагадоўлі.

„Штомесяц сустракаюцца ветэрынары дзвюх краін на розных пляцоўках. За апошнія некалькі тыдняў каля дзясятка нашых прадпрыемстваў адкрытыя [для экспарту]”, — адзначыў намеснік кіраўніка Мінсельгасхарча.

Ён падкрэсліў, што „ўсё развіваецца ў свеце, у тым ліку лабараторная дыягностыка тых ці іншых інгрэдыентаў, якія прысутнічаюць у прадукцыі”. „Навука працуе, эксперты працуюць. Мы падцягваемся адзін да аднаго. Ідзе нармальны кансалідаваны дыялог”, — заявіў Брыла.

На яго думку, у сучасных умовах беларускія прадпрыемствы „могуць спакойна адзін аднаго дапаўняць”. „Калі здараецца, што РФ уводзіць часовыя абмежаванні ў дачыненні да каго-небудзь з іх да пэўных разбораў, то ў нас ёсць прадпрыемствы, якія зоймуць нішу, якая вызвалілася, як на ўнутраным, так і на знешнім рынку. Праблем тут няма ніякіх”, — сказаў прадстаўнік ведамства.

belapan.by