Прэзентацыя біяграфіі Рамана Скірмунта ў Менску
15 лістапада а 18-й гадзіне ў канферэнцыйнай зале гатэля «Манастырскі» (Менск, вул. Кірыла і Мяфодзія, 6) адбудзецца прэзентацыя кнігі Аляксандра Смаленчука “Раман Скірмунт (1868-1939): жыццяпіс грамадзяніна Краю”.
Кніга выдадзена ў выдавецтве Змітра Коласа пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Менску.
Аповед пра жыццё і смерць Рамана Скірмунта запрашае даследчыка і чытача да размовы пра лёс Беларусі і Польшчы ў ХІХ–ХХ ст., пра ролю «польскага чынніка», а таксама суадносіны нацыянальнага і сацыяльнага ў айчыннай гісторыі, пра драму літоўскіх і беларускіх палякаў у эпоху этнакультурнага нацыяналізму, пра краёвую ідэю і краёўцаў як апошніх грамадзян Вялікага Княства Літоўскага, іх пошукі новай Радзімы, а таксама пра гісторыю шляхты гістарычнай Літвы ў перыяд кардынальных сацыяльных пераўтварэнняў. Адначасна ягоны жыццяпіс ўздымае праблему сутнасці беларускай ідэі і яе папулярнасці, зноўку ставіць пытанні пра адзінства беларускага руху і ролю г. зв. «чалавечага фактара» ў палітычным і культурным Адраджэнні ХХ ст., пра шансы адстаяць незалежнасць БНР у 1918 годзе і тым самым далучыцца да супольнасці еўрапейскіх дзяржаў як «вольная з вольнымі і роўная з роўнымі».
Аўтар манаграфіі Аляксандр Фёдаравіч Смалянчук, вядомы даследчык нацыянальных працэсаў на землях гістарычнай Літвы, у тым ліку краёвай ідэі і яе адэптаў, а таксама адзін з заснавальнікаў анлайн праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі”. Даследаваннем асобы Рамана Скірмунта і ягонай палітычнай і гаспадарчай дзейнасці займаецца больш за 20 гадоў. Аўтар збіраў звесткі ў архівах Беларусі, Польшчы, Нямеччыны, Расеі, Украіны, Літвы і Латвіі. Апроч таго, аналізаваў тэксты ягоных кніг і шматлікіх публікацый у перыядычным друку Расеі, БНР і Польшчы 1900-1930-х гг.
Кніга напісаная ў жанры гістарычнай біяграфістыкі. Асаблівасцю з’яўляецца ўключэнне ў аналітычны тэкст фрагментаў гістарычных дакументаў, публіцыстыкі Рамана Скірмунта і ягоных прамоваў.
Прэзентацыя адбудзецца з удзелам аўтара Аляксандра Смаленчука і беларускіх гісторыкаў, правядзе сустрэчу Таццяна Вадалажская.
Уваход вольны.