Палітолаг: ЗША не мае дакладнага разумення, ці патрэбна ваенная база ў Польшчы
У кіраўніцтва ЗША няма дакладнага разумення, ці неабходна размяшчаць новую ваенную базу ў Польшчы. Такое меркаванне выказаў 14 лістапада каардынатар праграмы „Знешняя палітыка Беларусі” экспертна-аналітычнай ініцыятывай „Мінскі дыялог”, палітолаг Дзяніс Мельянцоў, спасылаючыся на заявы, зробленыя амерыканскімі аналітыкамі ў Менску.
Візіт у Беларусь групы прадстаўнікоў аналітычных цэнтраў ЗША адбыўся 5—6 лістапада. У склад дэлегацыі ўвайшлі эксперт Цэнтра па аналізе еўрапейскай палітыкі, былы камандуючы войскамі ЗША ў Еўропе генерал Бэн Ходжэс, старшы дырэктар Цэнтра дыпламатыі і глабальных адносін імя Дж.Байдэна (віцэ-прэзідэнт ЗША ў 2009—2017 гадах) Майкл Карпентэр, эксперт аналітычнага цэнтра „Карпарацыя РЭНД” Брус Маклінток, прэзідэнт Джэймстаўнскага фонду Глен Ховард і старшы навуковы супрацоўнік гэтага фонду Уладзімір Сокар. Аналітыкі сустрэліся з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем.
Таксама яны ўзялі ўдзел у арганізаваным „Мінскім дыялогам” брыфінгу на тэму „Беларуска-амерыканскія адносіны ў рэгіянальным кантэксце”. Мерапрыемства было закрытае для СМІ.
„Такое ўражанне, што ёсць прапанова з боку Польшчы аб стварэнні ваеннай базы, але яна, па-першае, яшчэ не да канца асэнсаваная самімі Злучанымі Штатамі. Няма адназначнага разумення таго, што гэтая ваенная база патрэбная. Гаворка ідзе менавіта пра базу на пастаяннай, а не ратацыйнай аснове. Трэба таксама разумець, што таго бюджэту, які прапанавала Польшча, будзе недастаткова, спатрэбіцца значна больш сродкаў. Мне здаецца, Польшча не гатовая пакуль на такія вялікія выдаткі”, — падкрэсліў Мельянцоў.
Другой перашкодай для хуткага з’яўлення ваеннага аб’екта, паводле слоў палітолага, з’яўляецца тое, што ў асяроддзі супольнасці бяспекі ЗША няма адзінага меркавання пра тое, што гэта будзе сапраўды пазітыўным крокам і не прывядзе да эскалацыі ваенна-палітычнага суперніцтва з Расеяй.
У сярэдзіне верасня, на прэс-канферэнцыі ў Вашынгтоне па выніках перамоў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда прапанаваў стварыць на тэрыторыі краіны пастаянную амерыканскую ваенную базу. Паводле слоў Дуды, Польшча гатовая выдаткаваць 2 млрд долараў на стварэнне базы з працоўнай назвай „Форт Трамп”. Рашэнне аб стварэнні базы можа быць прынятае ў пачатку наступнага года. Зараз на тэрыторыі Польшчы на ратацыйнай аснове прысутнічае каля 3 тыс. амерыканскіх вайскоўцаў.
Пра тое, што Беларусь сочыць за сітуацыяй у сувязі з намерам Польшчы размясціць на сваёй тэрыторыі ваенную базу ЗША і ў залежнасці ад яе развіцця будзе вымушаная „пэўным чынам адаптаваць свае падыходы ў адпаведных галінах”, заявіў на брыфінгу 27 верасня прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.
Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу 24 кастрычніка ў Мінску на сумеснай калегіі ваенных ведамстваў Расіі і Беларусі сказаў, што планы Польшчы па размяшчэнні на сваёй тэрыторыі дывізіі Узброеных сіл ЗША не спрыяюць умацаванню рэгіянальнай бяспекі і вымушаюць прымаць меры ў адказ.
Разам з тым на сустрэчы з амерыканскімі аналітыкамі 6 лістапада Аляксандр Лукашэнка назваў „надуманай праблемай” развагі аб магчымым размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расійскай ваеннай базы ў адказ на дзеянні Вашынгтона. „Мы ў ваенна-палітычным саюзе з Расіяй. Будзе тут база ваенная, не будзе — розніцы абсалютна ніякай няма. І мы гэтую базу не размяшчаем тут не таму, што мы хочам вам ці каму-небудзь паказаць, што мы суверэнныя і незалежныя. Мы яе не размяшчаем, таму што яна тут не патрэбная. Мы самі паводле нашай задумы, ваеннага абарончага плану з Расійскай Федэрацыяй, забяспечым тыя функцыі, якія на нас ускладзеныя”, — заявіў ён.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, калі НАТА будзе працягваць „запалохваць”, размяшчаючы базы ў Польшчы альбо яшчэ якім-небудзь чынам, Беларусі будзе трэба больш эфектыўная зброя, перш за ўсё ракетная.
Фота: ИноТВ