Мінабароны Беларусі і В’етнама падпісалі пагадненне



Міністэрства абароны Беларусі і Міністэрства нацыянальнай абароны Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам заключылі пагадненне пра супрацоўніцтва ў галіне ваеннай навукі, а таксама зацвердзілі план двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва на 2019 год, паведамляе прэс-служба беларускага абароннага ведамства.

Дакументы падпісаныя паводле вынікаў перамоў кіраўніка в’етнамскага абароннага ведамства генерала арміі Нго Суан Ліка і віцэ-прэзідэнта краіны Данг Тхі Нгок Тхінь з міністрам абароны Беларусі генерал-лейтэнантам Андрэем Раўковым, які знаходзіцца 14—16 лістапада ў В’етнаме з афіцыйным візітам.

На сустрэчы бакі падкрэслілі важнасць „умацавання і развіцця партнёрскіх адносін паміж краінамі ў ваеннай і ваенна-тэхнічнай сферах”, а таксама „пацвердзілі станоўчую дынаміку развіцця двухбаковага супрацоўніцтва”.

4 верасня на сустрэчы з в’етнамскім паслом Ле Анем (завяршыў дыпламатычную місію ў Беларусі) Аляксандр Лукашэнка заявіў, што В’етнам для Беларусі з’яўляецца адным з сур’ёзных знешнепалітычных прыярытэтаў.

„Вы нам людзі не чужыя. Вы родныя для нас людзі. Мы разам з вамі змагаліся за суверэнітэт і незалежнасць В’етнама, і ў тым росквіце, які акрэсліўся ў В’етнаме, у тых поспехах, якія вы сёння маеце, напэўна, ёсць пэўная заслуга і савецкага чалавека”, — заявіў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка папрасіў дыпламата перадаць кіраўніцтву В’етнама, што яно „бліжэй сяброў у свеце не знойдзе, іх проста няма”. „Мы вельмі цэнім, што В’етнам адпаведным чынам ставіцца да нас. Асабліва кіраўніцтва В’етнама. І, шануючы тое сяброўства, мы адпаведным чынам будзем дзейнічаць. Вы заўсёды будзеце бачыць у нас не проста надзейных партнёраў (гэта не абмяркоўваецца), але і блізкіх сяброў, якія гатовыя прыйсці вам на дапамогу ў любую хвіліну, для таго каб шматпакутны народ В’етнама жыў і квітнеў”, — сказаў ён.

belapan.by