Саўдзельніцтва ў злачынствах



Напярэдадні Міжнароднага Дня Правоў Чалавека Сенат ЗША апублікаваў справаздачу аб незаконных метадах абыходжання з людзьмі, затрымнымі па абвінавачанні ў тэрарызме. Спрваздача вельмі непрыемная і для ўладаў Польшчы, паколькі ёсць падставы лічыць, што на яе тэрыторыі знаходзіліся сакрэтныя турмы ЦРУ, дзе катавалі вязняў.

Абшырны дакумент, які налічвае 525 старонак быў прадстаўлены ў Сенаце ЗША у скарачэнні. З яго вынікае, што праводжаныя супрацоўнікамі ЦРУ допыты затрыманых былі вельмі брутальныя, але неэфэктыўныя і незаконныя. Гэта ў прыватнасці падтопліванне і працяглае пазбаўленне сну. Адзін з вязняў, прывязаны ланцугом да бетонай падлогі, памёр ад холаду. Сенатары заявілі, што ЦРУ ўвяла ў зман палітыкаў і грамадскую думку, бо допыты былі значна больш брутальныя, чым афіцыйна гаварылся, і яны парушалі Женеўскую канвенцыю аб правах чалавека. Сенатары заявілі, што так званая “праграма ўзмоцненых допытаў” не дала чаканых вынікаў, а толькі  “пашкодзіла рэпутацыі ЗША ў свеце”.

Публікацыя дакументу надзвычай непрыемная для ЦРУ і былой адміністрацыі прэзідэнта Джорджа Буша. Спецыяльны дакладчык ААН у пытанні правоў чалавека і барацьбы з тэрарызмам Бэн Эмерсон заявіў, што адміністрацыя Буша, якая планавала і санкцыянавала нечалавечныя практыкі, павінна быць прыцягнутая да адказнасці гэтак як і супрацоўнікі ЦРУ. Выступаючы ў Женеве Эмерсон заявіў, што ў святле міжнароднага права ЗША абавязаны прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Ён таксама пахваліў адміністрацыю Барака Абамы, якая не падалася ціску і не ўтойвала дакументу. Абама прызнаў, што катаванні затрыманых былі памылкай. “Мы дапусцілі рэчы нязгодныя нашым каштоўнасцям”. Пры гэтым прэзідэнт ЗША прызнаў, што спецслужбы дзейнічалі пад вялікім прэсінгам, каб прадухіліць чарговыя тэракты.

У справаздачы не названыя ні прозвішчы агентаў ЦРУ, ні краіны, якія супрацоўнічалі з ЗША. Аднак месцы ўтрымлівання вязняў пазначаныя зялёнымі, сінімі і чорнымі кропкамі. З гэтых кропак на мапе можна меркаваць, што вязні маглі быць утрымліваныя ў некалькіх краінах, у тым ліку ў Польшчы ў Кейкутах на Мазурах. Аб гэтым ужо ў 2005 годзе паведамляла правабарончая арганізацыя Human Rights Watch, аднак польскія палітыкі – і прэзідэнт, і прэм’ер, і міністры – у адзін голас адкідалі гэтыя абвінавачанні. Калі журналісты ціснулі на іх, то яны адказвалі, што супрацоўнічаць з саюзнікамі не грэх, а пра метады допыту амерыканцы нікога не інфармавалі. Са жніўня 2008 году польская пракуратура вядзе следства ў гэтай справе. Пасля публікацыі справадачы яна звярнулася да ЗША з просьбай аб перадачы ёй усяго тэксту. У студзені сёлета таксама газэта „Washington Post” напісала, што карыстанне аб’ектам у Кейкутах Польшча атарымала 15 мільёнаў даляраў. У ліпені Еўрапейскі Трыбунал правоў чалавека абавязаў Польшчу заплаціць палестынцу Абу Зубайду і савудаўцу Абд-аль-Рашым-Аль-Нашыры па 100 тысяч еўра кампенсацыі за тое, што у 2002-2003-м гадах яна дазволіла пратрымліваць іх на сваёй тэрыторыі і тут яны былі жорстка катаваныя. Польшча абскардзіла гэты прысуд.

Несумненна, справазда ў справе ЦРУ кампрамітуе Польшчу. “Мы за грошы парушылі сваю ўласную Канстытуцыю,” – заявіў намеснік старшыні Хельсінскага Фонду правоў чалавека Ажам Боднар. Цяпер тыя палітыкі, якія кіравалі краінай 12-13 гадоў таму, апунуліся ў вельмі нязручнай сітуацыі. Пра іх дрэнна сведчыць і тое, што ведалі пра сакрэтныя турмы ЦРУ, і тое, калі не ведалі, бо яны павінны былі ведаць. У любым выпадку гэтая справаздача будзе мець шырокі рэзананс у свеце і для многіх людзей будзе мець непрыемныя наступствы. Саюзніцкія адносіны не павінны быць роўназначныя з саўдзельніцтвам у злачынствах.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ