Беларусь перамагла Люксембург у Лізе нацый



Удалым выдаўся вечар 15 лістапада для футбольнай зборнай Беларусі. У розыгрышы еўрапейскай Лігі нацый каманда пад кіраваннем Ігара Крывушэнкі на выездзе перамагла лідара групы Люксембург – 2:0.

Беларусы выдатна правялі першы тайм, дзеілі як ніколі з пазіцыі сілы і ад пачатку дыктавалі свае ўмовы. Па флангах напружвалі абарону гаспадароў тэхнічныя Павел Савіцкі і Ігар Стасевіч. У цэнтры трымаў ніці гульні ў сваіх руках вернуты ў зборную Аляксандр Глеб. Каманда Беларусі выглядала мабільнай і стварала вострыя моманты ля брамы Люксембурга, падавала шматлікія кутнія.

Урэшце адна з камбіннацый прынесла свае плады – форвард Антон Сарока сцягнуў на сябе абаронцаў і па-эстэцку адкаціў мяч назад – удар Станіслава Драгуна пад папярэчыну быў бездакорным. Ішла 37-я хвіліна сустрэчы.

У другім тайме заслужаная ўдача яшчэ раз усміхнулася беларусам. На 54-й хвіліне яны атрымалі права на штрафны. Яго выканаў Савіцкі, Мартыновіч з Сіваковым дэзарыентавалі абаронцаў Люксембурга. У выніку мяч адскочыў да фартовага Драгуна, які даслаў яго ў сетку. Гэта ўжо другі голавы дубль беларускага паўабаронцы ў гэтым цыкле і ён выйшаў у лепшыя бамбардзіры групы. Далей дружына Беларусі саcтупіла ініцыятыву і люксембуржцы стварылі шэраг пагрозаў. Аднак на браме ў цэлым надзейна дзеіў Андрэй Гарбуноў, а галяндскі арбітр не паддаваўся на правакацыі гаспадароў поля і дазваляў мужчынскую сілавую барацьбу. Словам, на гэты раз усё склалася на карысць Беларусі. Варта дадаць, што дружына Ігара Крывушэнкі не прапусціла ў 5 гульнях аніводнага (!) мяча.

На сустрэчы з Люксембургам на трыбунах былі заўзятары з бел-чырвона-белымі сцягамі і гербам „Пагоня”.

Зборная Беларусі правяла матч у наступным складзе: Гарбуноў — Шытаў, Мартыновіч (капітан), Сівакоў, Максім Валадзько — Маеўскі — Савіцкі (Балановіч, 72), Аляксандр Глеб (Пуціла, 74), Драгун, Стасевіч — Сарока (Сігневіч, 85). У паралельным матчы квартэту Малдова з цяжкасцю вырвала на выездзе тры ачкі ў Сан-Марына – 1:0.

Такім чынам за тур да завяршэння спабору ў групе „D” наступнае становішча: 1. Беларусь – 11 ачкоў, 2. Люксембург – 9, 3. Малдова – 8, 4. Сан-Марына – 0. 

Фактычна зборная Беларусі амаль заваявала пуцёўку ў плэй-оф. У заключным туры ў гасцях ёй дастаткова не прайграць камандзе Сан-Марына.

Патэнцыйныя супернікі Беларусі на стадыі плэй-оф – Грузія, Македонія, хутчэй усяго нехта з пары Косава-Азербайджан. На коне будзе стаяць пуцёўка ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы 2020 года. 

Беларускае Радыё Рацыя