Міністр замежных спраў Расеі Лаўроў наведае Беларусь
Міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў 20—21 лістапада наведае Беларусь з рабочым візітам. Як паведамляе расейскае пасольства ў Менску, мэта візіту — удзел у сумесным пасяджэнні калегій знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін.
Запланаваная таксама сустрэча Лаўрова з беларускім калегам Уладзімірам Макеем.
Падчас перамоў адбудзецца абмеркаванне шырокага кола пытанняў расійска-беларускага знешнепалітычнага ўзаемадзеяння з акцэнтам на рэалізацыю палажэнняў сумеснай заявы прэзідэнтаў дзвюх краін ад 19 чэрвеня 2018 года.
Асаблівую ўвагу бакі нададуць інтэграцыйнаму супрацоўніцтву ў межах ЕАЭС і АДКБ, каардынацыі дзеянняў на пляцоўках міжнародных арганізацый, уключаючы пытанні падрыхтоўкі да пасяджэння Савета міністраў замежных спраў АБСЕ ў Мілане 6—7 снежня, абмяняюцца думкамі па асноўных глабальных і рэгіянальных праблемах.
На пасяджэнні таксама будуць разгледжаныя пытанні „сумеснага супрацьдзеяння фальсіфікацыі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і спробам перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны, узаемадзеяння ў інтарэсах ўзаемадапаўняльнасці інтэграцыйных працэсаў у Еўразіі з мэтай спалучэння будаўніцтва Еўразійскага эканамічнага саюза і ініцыятывы „Адзін пояс, адзін шлях”, фарміравання Вялікага еўразійскага партнёрства з удзелам ЕАЭС, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі”.
Удзельнікі пасяджэння таксама абмяркуюць супрацоўніцтва ў галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі на міжнародных перагаворных пляцоўках і ролю знешнепалітычных ведамстваў Расіі і Беларусі ў прасоўванні культурнага супрацоўніцтва і агульнай культурнай спадчыны ў замежных краінах.
Фота © РИА Новости