Чарговы штраф за перапост



Жыхар Івацэвічаў Уладзіслаў Серада аштрафаваны на 367,5 рубля (15 базавых велічынь) за перапосты ў сацыяльнай сетцы „УКантакце” інфармацыі пра акцыю расейскіх анархістаў і акцыі супраць дэкрэта „аб дармаедстве”. Рашэнне прыняў 16 лістапада суд Кастрычніцкага раёна Гародні.

Справу разглядала суддзя Алена Толсцік-Самойла.

Суд прызнаў Сераду вінаватым у распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў (артыкул 17.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях). Згодна з пастановай суда, ён размясціў тры забароненыя матэрыялы ў сацыяльнай сетцы „УКантакце” з сакавіка па чэрвень 2017 года.

Серада прызнаў, што размясціў інфармацыю на сваёй старонцы ў сацсетцы, але заявіў, што не ведаў пра яе прыналежнасць да экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Высветлілася, што два з трох апублікаваных Серадой матэрыялаў патрапілі ў забаронены спіс ужо пасля перапосту, а рэсурс, на якім знаходзіўся трэці матэрыял, не быў заблакаваны.

Сваю віну ва ўчыненні адміністрацыйнага правапарушэння Серада не прызнаў.

„У мяне не было ніякіх ідэй экстрэмізму, ніякіх наўмысных дзеянняў супраць закона не было… Усё было ў доступе ў сетцы, там звычайна няма нічога забароненага, а калі ёсць, то яно выдаляецца… Я не ведаў, што нешта з размешчанага мной з’яўляецца забароненым”, — адзначыў ён.

Малады чалавек цяпер адбывае пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу ў Гародні па іншай справе. Яму засталося паўтара месяца да вызвалення.

Нагадаем, 2 лістапада суд Кастрычніцкага раёна Гародні аштрафаваў на 612,5 рубля (25 базавых велічынь) гарадзенскага музыканта і журналіста Алеся Дзянісава — за перапост экстрэмісцкіх матэрыялаў. Суд над яшчэ адным гарадзенцам Аляксандрам Горбачам за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў прызначаны на 20 лістапада.

БелаПАН

Фота ПЦ”Вясна”