Перамовы Лукашэнкі з Аліевым пройдуць у Менску 19 лістапада



Перамовы Аляксандра Лукашэнкі з Ільхамам Аліевым пройдуць у Менску 19 лістапада.

Кіраўнікі дзяржаў падрабязна абмяркуюць стан і перспектыўныя напрамкі развіцця адносінаў паміж Беларуссю і Азербайджанам, абмяняюцца думкамі па актуальнай міжнароднай праблематыцы. Асноўная ўвага на перамовах будзе нададзеная гандлёва-эканамічнаму і інвестыцыйнаму супрацоўніцтву, рэалізацыі сумесных праектаў, паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

Лукашэнка і Аліеў таксама разгледзяць магчымасці ўзаемадзеяння ў транспартна-лагістычнай сферы, ахове здароўя, адукацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях, спорце, турызме і іншых галінах.

Перамовы ў Палацы Незалежнасці пройдуць у фармаце „сам-насам” і ў пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый. Паводле іх вынікаў чакаецца падпісанне шэрагу міжнародных дакументаў.

Напярэдадні свайго афіцыйнага візіту ў Беларусь, 14 лістапада, Аліеў сустрэўся з паслом Беларусі ў Азербайджане Генадзем Ахрамовічам. Ён заявіў, што немалаважным фактарам адносін дзвюх дзяржаў з’яўляецца супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай сферы.

Паводле слоў Аліева, ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва Азербайджана і Беларусі выклікае ў Арменіі „прыступы псіхозу”. „Мы набываем ваенную тэхніку ў Беларусі і вельмі задаволеныя якасцю і паказчыкамі. Беларусь і ў сферы ваеннай прамысловасці дэманструе вельмі высокі ўзровень, і мы маем намер працягваць супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай сферы. Праўда, як вы ведаеце, у Арменіі гэта выклікае, скажу так, прыступы псіхозу, што вельмі дзіўна, таму што Азербайджан закупляе ўзбраенне не толькі ў Беларусі. Найбуйнейшым пастаўшчыком ваеннай тэхнікі ў Азербайджан з’яўляецца Расія. Таксама мы ў вялікім аб’ёме набываем ўзбраенне і тэхніку ў Турцыі, Ізраіле, Пакістане, еўрапейскіх краінах. Таму дзіўна, што прэтэнзіі выстаўляюцца выключна Беларусі”, — сказаў прэзідэнт Азербайджана.

„Я лічу, што гэта праява комплексу непаўнацэннасці ў Арменіі адносна Беларусі, і прычыны досыць простыя. Таму што і Беларусь, і Арменія здабылі незалежнасць у адзін і той жа час. Сёння Арменія з’яўляецца адной з самых бедных краін свету і знаходзіцца на дне, і яркі паказчык — тое, што ўлада, якая 20 гадоў эксплуатавала свой народ і рабавала яго, была змеценая армянскім народам. А Беларусь, нягледзячы на ў свой час накладзеныя санкцыі, паспяхова развівалася і развіваецца, і гэта вынік мудрай палітыкі прэзідэнта Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Беларусь стала магутнай дзяржавай з развітой прамысловасцю, з развітой сельскай гаспадаркай, з высокім узроўнем сацыяльнай абароненасці. Я як чалавек, які часта наведваў вашу краіну, кажу гэта абсалютна аб’ектыўна і шчыра. Таму нам здаецца, што неабгрунтаваныя прэтэнзіі, якія выказваюцца вашай краіне з боку Арменіі, маюць у сваёй прыродзе менавіта вось гэты фактар”, — падзяліўся сваім меркаваннем азербайджанскі кіраўнік.

„Што да нашых адносін — яны непахісныя. Яны маюць трывалы падмурак, што грунтуецца на сяброўскіх адносінах, адносінах узаемнай павагі, узаемнай падтрымкі, і нацэленыя на будучыню. І я ўпэўнены, што мой будучы візіт у дружалюбную краіну яшчэ больш умацуе нашы адносіны. Парадак дня візіту вельмі шырокі. І вельмі шмат дакументаў будуць падпісаныя, якія, упэўнены, будуць рэалізаваныя гэтак жа, як і ўсе нашы папярэднія дамоўленасці”, — падкрэсліў Аліеў.

Ільхам Аліеў чатыры разы наведваў Беларусь з афіцыйным візітам — у 2006, 2009, 2012 і 2015 гадах.

Лукашэнка наведаў Азербайджан у 2007, 2010, 2013 і 2016 гадах. Акрамя таго, у 2015 годзе Лукашэнка пабываў у Азербайджане для ўдзелу ў афіцыйнай цырымоніі адкрыцця I Еўрапейскіх гульняў. Падчас гэтага візіту ён таксама правёў перамовы з Аліевым.

belapan.by

Фота © РИА Новости