Пасол РФ: Мы не можам на кожны чых адкрываць па ваеннай базе
Расея не аддзяляе сябе ад Беларусі ў ваенным плане, аднак прапановы аб размяшчэнні ў рэспубліцы ваеннай базы РФ з 2015 года не гучалі, заявіў журналістам у Менску 16 лістапада расейскі пасол Міхаіл Бабіч.
„Увесь час ідзе размова, такі доўгі палітычны серыял — размяшчэнне нейкай расейскай ваеннай базы. Гатовы вам у гэтай сувязі адказна заявіць: пачынаючы з 2015 года ніхто ні ў адкрытым рэжыме, ні ў закрытым ніякіх прапаноў аб размяшчэнні расейскай вайсковай базы ў Беларусі нікому не рабіў”, — сказаў дыпламат.
„Сапраўды, у дыяпазоне 2012—2015 гадоў НАТА вёў актыўную палітыку ў гэтай частцы, пачынаючы ад пашырэння на ўсход і заканчваючы размяшчэннем розных ваенных аб’ектаў блізу межаў Саюзнай дзяржавы. І, сапраўды, тады выпрацоўваліся розныя рашэнні па сіметрычным адказе на гэтыя дзеянні”, — падкрэсліў Бабіч.
Ён удакладніў, што гэтыя рашэнні былі прынятыя „ў іншай канфігурацыі з улікам той дыслакацыі ўжо дзейных расейскіх груповак [на тэрыторыі Беларусі]”.
Каментуючы прапанову Польшчы аб размяшчэнні на яе тэрыторыі ваеннай базы ЗША, расейскі пасол заявіў: „Мы не можам на кожны чых адкрываць па ваеннай базе. Ну ці мала хто там што сказаў?”
Паводле слоў Бабіча, усе планы па ударным адказе і іншых дзеяннях у адказ у выпадку нейкай агрэсіі або пагрозы для Саюзнай дзяржавы ўзгодненыя і вывераныя прэзідэнтамі дзвюх краін. „Сённяшні парытэт дазваляе вырашыць любую задачу. Яго найменшая змена пацягне вельмі жорсткія дзеянні ў адказ, — сказаў дыпламат. — Мы не падзяляем сябе з Беларуссю ў ваенным плане. Існых сіл цалкам дастаткова для таго, каб сёння не проста купіяваць любую пагрозу, а сумесна з Узброенымі сіламі Беларусі нанесці непрымальны ўрон любому суперніку ў любой сітуацыі”.
Расейскі пасол упэўнены, што гэта „добра ведаюць нашы так званыя партнёры па НАТА”.
„Усе беларусы павінны быць спакойныя, а тыя, хто выношвае нейкія планы, — лепш ім гэтага не рабіць”, — падсумаваў Бабіч.
Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу 24 кастрычніка ў Мінску на сумеснай калегіі ваенных ведамстваў Расеі і Беларусі сказаў, што планы Польшчы па размяшчэнні на яе тэрыторыі дывізіі Узброеных сіл ЗША не спрыяюць умацаванню рэгіянальнай бяспекі і вымушаюць прымаць меры ў адказ.
Разам з тым на сустрэчы з амерыканскімі аналітыкамі 6 лістапада Аляксандр Лукашэнка назваў „надуманай праблемай” разважанні аб магчымым размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расейскай ваеннай базы ў адказ на дзеянні Вашынгтона. „Мы ў ваенна-палітычным саюзе з Расеяй. Будзе тут база ваенная, не будзе — розніцы абсалютна ніякай няма. І мы гэтую базу не размяшчаем тут не таму, што мы хочам вам ці каму-небудзь паказаць, што мы суверэнныя і незалежныя. Мы яе не размяшчаем таму, што яна тут не патрэбная. Мы самі згодна з нашай задумай, ваенным абаронным планам з Расейскай Федэрацыяй, забяспечым тыя функцыі, якія на нас ускладзеныя”, — заявіў ён.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, калі НАТА будзе працягваць „запалохваць”, размяшчаючы базы ў Польшчы альбо яшчэ якім-небудзь чынам, Беларусі запатрабуецца больш эфектыўная зброя, найперш ракетная.