У Астравецкім раёне створаць тэхнапарк і інвестыцыйную пляцоўку



У Астравецкім раёне Гарадзенскай вобласці плануецца стварыць тэхнапарк, паведаміў старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін у інтэрв’ю праграме „Нашы навіны. Суботні выпуск” тэлеканала ОНТ.

„Асноўным лакаматывам эканомікі нашага раёна, вядома, будзе атамная станцыя. Многім такім гарадам, на жаль, прызначаны лёс монагарадоў. А гэтага нам, мясцовым уладам, неабходна пазбегнуць, — сказаў ён. — Зараз завяршаецца карэкціроўка генеральнага плана горада энергетыкаў. Прадугледжана стварэнне тэхнапарка і інвестыцыйнай пляцоўкі, на якіх я бачу магчымасць размяшчэння высокатэхналагічных вытворчасцей. Варта казаць аб ільготных тарыфах, уваходжанні ў свабодную эканамічную зону”.

Паводле слоў Шалудзіна, згодна з планам гэта будзе пляцоўка ў раёне Гудагая (заходняя) і пляцоўка з боку Смургоняў і Ашмянаў (усходняя).

Пры гэтым ён заўважыў, што насельніцтва Астраўца з пачаткам будаўніцтва Беларускай АЭС павялічылася з 8,2 тысяч да 11 тысяч чалавек.

Паводле слоў кіраўніка раёна, за два гады ў горадзе пабудавана больш за 240 тысяч кв. метраў жылля, практычна завершана будаўніцтва двух новых мікрараёнаў з насельніцтвам 8 тысяч чалавек. „Актыўна забудоўваецца трэці мікрараён, горад атрымаў школу-гімназію, тры дзіцячыя садкі. У гэтым годзе будзе ўведзены ў строй новы стадыён, будуецца шматфункцыянальны спартыўны комплекс”, — сказаў Шалудзін.

Ён таксама паведаміў, што ў Астравецкім раёне дзейнічае 13 каталіцкіх храмаў і тры праваслаўныя. „Многія з іх з`яўляюцца помнікамі архітэктуры”, — дадаў старшыня райвыканкама.

Шалудзін адзначыў, што 50% раёна займае лес, тут ёсць заказнік „Сарачанскія азёры”, больш за 10 аграсядзіб, працуе лясгас, які займаецца лесаапрацоўкай, ёсць вальер з дзікімі жывёламі, арганізуецца паляванне. „Наша мэта — не проста выкарыстоўваць, а захаваць багаты прыродны і архітэктурны патэнцыял, які ёсць у раёне”, — падкрэсліў яго кіраўнік.

belapan.by