Аб’яўлена агульнабеларуская акцыя “Побыт”
У Беларусі на пачатак снежня адбылося 122 забойствы ў сям’і і зафіксавана звыш 200 фактаў наўмыснага нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў родным. У сувязі з такой статыстыкай у краіне аб’яўлена агульнабеларуская акцыя “Побыт”. Праваахоўныя органы праводзяць прафілактыку асацыяльных паводзін грамадзян у сферы сямейна-бытавых адносін.
На жаль, але жорсткасць у большасці беларускіх сем’яў – норма, а вырашаць такія праблемы грамадства не гатовае, адзначае псіхолаг пінскай жаночай кансультацыі Марыя Вярковіч:
– У нас такі менталітэт, што мы не хочам выносіць смецце з хаты. Мы добра разумеем, пакуль не навучымся гаварыць пра свае праблемы, датуль яны не будзе вырашацца. Мы павінны навучыцца правільна агучваць тую інфармацыю і тую сітуацыю, у якой мы жывем. У нас у горадзе ёсць добрыя спецыялісты, у нас маса структур, якія вырашаюць такія праблемы. Проста людзі не навучаны.
Гвалт у сям’і – гэта не праблема грамадзян, якія злоўжываюць алкаголям. Як сведчыць статыстыка, у палове выпадкаў гвалт адбываецца ў забяспечаных сем’ях.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя