Ігар Лукашук і яго планы як раднага ў ваяводскім самаўрадзе



У бліжэйшы чацвер сваю кадэнцыю інаўгуруе соймік Падляшскага ваяводства. Сярод радных, якія пяць гадоў будуць працаваць на карысць ваяводскага самаўрада,Ігар Лукашук, былы старшыня гарадской рады Бельска Падляшскага, актыўны дзеяч беларускай меншасці на Падляшшы, цяперашні дырэктар Гайнаўскага белліцэя.

Справы беларускай меншасці, развіццё інфраструктуры і турыстычнага патэнцыялу паўднёвай і ўсходняй частак ваяводства – гэта галоўныя задачы, якія ставіць перад сабою новы радны Падляшскага ваяводства Ігар Лукашук. Падрабязней пра планы працы ў ваяводскім самаўрадзе ў размове з нашым карэспандэнтам Лукашам Леанюком.

РР: У якіх напрамках вы хочаце дзейнічаць? Што можаце ўнесці да працы сойміка?

Ігар Лукашук: Перш за ўсё трэба сказаць, што я з’яўляюся прадстаўніком выбарчай акругі. Але не толькі таму. Я перакананы, што кожны радны Падляшскага сойміка павінен працаваць і мець на ўвазе ўсё ваяводства.

Галоўныя напрамкі – гэта, вядома, намаганні разбудовы інфраструктуры ў Бельскім, Гайнаўскім, Сямятыцкім, а таксама ўсходніх частках Беластоцкага паветаў. Гэта таксама развіццё патэнцыялу нашых абшараў, перадусім культурніцкага патэнцыялу, бо трэба яшчэ раз падкрэсліць тое, што становіцца козырам сярод іншых рэгіёнаў, вылучае яго сярод іх. А ў нас трэба ясна і выразна сказаць, што гэта нацыянальныя меншасці, якімі багаты наш рэгіён. І найбольшая па абшары ў Падляшскім ваяводстве – гэта беларуская меншасць. Таму гэтым трэба ўмела карыстацца і гэты патэнцыял развіваць.

РР: Бельская, Гайнаўская, Сямятыцкая зямля – гэта тыя рэгіёны, на якіх вы будзеце дзейнічаць. Якія іх патрэбы?

Ігар Лукашук: Я думаю, мы павінны развіваць тое, у чым можам даганяць іншыя рэгіёны не толькі Падляшша, але і краіны. Галоўнае тут – трэба намагацца пабудаваць галоўную дарогу №19, якая вельмі патрэбная Сямятычам і Бельску. Але не толькі ім. Гэтая дарога будзе спрыяць развіццю як эканамічнаму, так і турыстычнаму.

Трэба памятаць, што турыстыка – гэта таксама вельмі важная, істотная галіна эканомікі, якая ў большай ступені яшчэ не выкарыстана ў нашым рэгіёне. Як я сказаў ужо, маем вялікі культурніцкі патэнцыял, прыродны патэнцыял (гэта лясы і пушчы, непаўторныя ў еўрапейскіх маштабах). І трэба адно з другім спалучаць, каб карыстацца гэтым дзеля развіцця рэгіёна і дабрабыту жыхароў. Трэба памятаць: развіццё рэгіёна не для самога развіцця, а каб палепшыць умовы жыцця жыхароў гэтай часткі ваяводства.

РР: Маршалкоўская ўправа, соймік ваяводства маюць шырокія кампетэнцыі да таго, каб супрацоўнічаць з рэгіёнамі паблізу, у тым ліку памежнымі рэгіёнамі. Да гэтай пары маршалкоўская ўправа супрацоўнічала, між іншым, з Гарадзенскай і Берасцейскай абласцямі, а таксама Літвой. Як вы лічыце, супраца ў такім кірунку будзе працягнута?

Ігар Лукашук: Зразумела, што кожная супраца карысная. Мяжа – гэта неад’емная частка нашай рэчаіснасці. Яна можа абмяжоўваць, але і даваць пэўныя шансы на развіццё. І трэба ўмела гэтым карыстацца. Пры тым трэба рабіць усё, каб гэтая мяжа не перашкаджала людзям у кантактах, бо ў большасці выпадкаў гэтая мяжа перарэзала і сямейныя адносіны.

Таксама лічу важным развіваць супрацу не толькі ў культурніцкай прасторы, але і эканамічнай. Трэба трактаваць гэта як козыр у нас пры поўнай свядомасці абмежаванняў, якое гэта стварае.

РР: Вы будзеце ў клубе апазіцыі ў гэтым сойміку. Наколькі эфектыўна можна дзейнічаць на карысць ваяводства, самаўрада ваяводства, будучы ў такой абмежаванасці, апазіцыі?

Ігар Лукашук: Ну, што ж. Напэўна гаварыць і паказваць іншы пункт гледжання. Натуральна, вырашае той, хто мае больш галасоў, але ён вырашае, маючы на ўвазе тое, што выказалі іншыя. Беручы пад увагу, што кадэнцыя трывае ажно 5 гадоў, я думаю, мы будзем у змозе выпрацаваць такі спосаб дзеянняў, працы, дзе будзе пашана і да голасу іншых.

Дэмакратыя – гэта не дыктат большасці, а адказная ўлада большасці. А адказная ўлада – гэта такая ўлада, якая ўлічвае патрэбы меншых груп. Толькі тады ўладу можна назваць дэмакратычнай. Таму я думаю, што кожная апазіцыя мае вельмі вялікі ўклад у будаванне рэчаіснасці, хоць можа не мець гэтага вырашальнага голасу.

РР: З увагі на тое, што «Права і справядлівасць» бярэ ўсю ўладу, ці ёсць увогуле пагроза змены стаўлення ўправы да нацыянальных меншасцяў?

Ігар Лукашук: Думаю, пра гэта трэба пытацца ў самога «ПіС», якое іх стаўленне да гэтага асяроддзя. Хоць тут трэба сказаць, што гэта неаднароднае асяроддзе, бо ёсць розныя людзі. Таму мяркую, што гэтае пытанне абсалютна не да мяне, хоць і вартае, каб яго камусьці паставіць.

РР: Інаўгурацыйная сесія сойміка ўжо ў гэты чацвер. Поспехаў і ўдачы вам на гэтыя 5 гадоў!

Ігар Лукашук: Вялікі дзякуй! Таксама я жадаю ўсім, каб гэты соймік умеў глядзець на жыхароў Падляшскага ваяводства з аднолькавай увагай, не дзелячы іх на лепшых і горшых, каталікоў і праваслаўных, палякаў і беларусаў, бо мы ўсе грамадзяне краіны і элементы грамадскай супольнасці Падляшскага ваяводства.

Госцем Рацыі быў Ігар Лукашук – новы ваяводскі радны. У кастрычніцкіх выбарах Лукашук атрымаў 7300 галасоў перадусім ад жыхароў Бельскага, Гайнаўскага і Сямятыцкага паветаў.

Ігар Лукашук быў у мінулым тэрміне старшынём гарадской рады Бельска Падляшскага. Апошнія гады кіраваў таксама Цэнтрам адукацыі і прамоцыі беларускай культуры ў Шчытах-Дзенцялове.

Гутарыў Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя