Творчы пошук



У сваім інтэрв’ю пасля азначэння Дня памяці паўстанцаў у Свіслачы, якое гэтым годам як заўсёды адбывалася ў апошнія выходныя кастрычніка, я сказаў, што зараз застаецца чакаць пратаколаў і судоў, якія абавязкова будуць і да бабкі хадзіць не варта, каб гэта прадказаць. Так, на Гарадзеншчыне ўжо традыцыйна сканчаецца кожны год. Судамі над тымі, хто адважыўся ўшанаваць памяць сваіх нацыянальных герояў. І многія тады, пасля таго майго інтэрв’ю, нават папракнулі мяне. Асабліва тыя, хто быў на гэтым мерапрыемстве першы раз. Маўляў, адкуль гэта вядома, што будуць нас судзіць? Усё ж было прыстойна, нават вуліцу пераходзілі па пешаходных пераходах і выключна на зялёнае святло. І аніводнай заўвагі ніякі прадстаўнік сілавых ведамстваў нікому не зрабіў.

А такія прадстаўнікі там былі, канешне ж, усё здымалі на відэакамеру і ледзьве не ў аблічча кожнаму яе сунулі. Ну і кожны ведае, што святым абавязкам сілавіка ёсць у першую чаргу папярэдзіць прысутных, калі ў іх дзеяннях праглядваецца нейкае парушэнне грамадскага парадку. А з іх боку папярэджанняў не было нават паўнамёкам.

Ды і бывалыя ўдзельнікі гэтага мерапрыемства таксама выказвалі такую думку, што гэтым годам можа і не быць пераследу і карных вынікаў. Ну надта ж усё хораша і прыстойна выглядала, што вера ў справядлівасць пачала перамагаць багаты досвед. Чалавек заўсёды хоча верыць у лепшае.

Толькі і гэтым разам досвед паказаў сваю перавагу над марамі і чарговы раз прымусіў працягваць верыць у старое выказванне, што праўда абавязкова пераможа, але пазней. Хочацца каб хутчэй, каб зараз, але яна перамагае чамусьці пазней. Але абавязкова.

Ну а зараз пратаколы сілавікі напісалі, суды пайшлі і будуць працягвацца далей, і нават аўтар гэтых радкоў чарговы раз прадстане перад айчыннай фемідай, хоць гэтым годам быў у Свіслачы выключна як праваабаронца, прамоў не гаварыў, сцягамі не махаў ну і вуліцу пераходзіў як і іншыя законапаслухмяныя грамадзяне выключна па пешаходным пераходзе і на зялёнае святло.

Мала таго, азнаямляючыся з матэрыяламі справы нават прозвішча свайго не знайшоў у рапартах міліцыянтаў. Можна было б здзіўляцца адкуль тады ўзнік пратакол і чаму ён не адпавядае тым рапартам. Але я не здзіўлюся нават тады, калі ў судзе маё прозвішча з’явіцца і нават у тых рапартах, дзе я яго раней не знаходзіў. А чаму б і не, калі аднарукія ў нас могуць пляскаць у далоні, нямыя выкрыкваць антыўладныя лозунгі, а пад пакаранне патрапляць могуць нават тыя, каго фізічна не было на тым месцы, якое па нейкіх не зусім зразумелых фактах прызнаецца месцам правядзення несанкцыянаванай акцыі. 

Хоць тут, калі быць да канца шчырым і не крывіць душой, я з нашымі ўладамі ў нечым згодзен. Правільна, трэба караць за тое, што так пасіўна сябе паводзіць чалавек там, дзе трэба праяўляць актыўнасць. Гэтых людзей, што прыйшлі без сцяга і нічога не прамаўлялі, хіба што варта пакараць. За нізкую грамадзянскую актыўнасць і вялую грамадскую пазіцыю. Я бы нават артыкул такі ўвёў, каб ужо ўсё было па-законе. І частку другую да гэтага артыкула прыдумаў бы для тых, хто ведаў пра такое мерапрыемства, а не з’явіўся на яго ўвогуле. Для тых яшчэ больш моцнае пакаранне ўвёў бы. І ўсё стала б на свае месцы. Удзельнічаеш у акцыі, цябе пакаралі. Не ўдзельнічаеш, таксама дастаў. Толькі яшчэ больш. Вось гэта была б справядлівасць у дзеянні. Ніхто не адважыўся б назваць такі артыкул несправядлівым.

Ну але жарты жартамі, толькі ў рэчаіснасці не да жартаў. І зараз гарадзенцы на поўным сур’ёзе абмяркоўваюць ці можна ехаць ім на суд, калі такі будзе адбывацца ў Свіслачы. Бо на маім прыкладзе ўсе бачаць, што пад суд я патрапіў па факце наведвання той Свіслачы. Вось так прыедуць хлопцы на суд, выйдуць пакурыць, а на іх яшчэ адзін пратакольчык. Несанкцыянаванае мерапрыемства. І зноў у суд. І зноў думай, ехаць або не.

Ну, а калі яшчэ больш сур’ёзна, то ўсё гэта несур’ёзна. Назавём гэта творчым пошукам, што ў сілавікоў, што ў уладаў, што ў удзельнікаў. Толькі занадта зацягнуты.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ