На аднаўленне Крэўскага замку актывісты збіраюць камяні
„Час збіраць камяні”. Пры рэстаўрацыі Крэўскага замку, помніку беларускага дойлідства 14-га стагоддзя, работнікам не стае камянёў. Тыя каменні, што былі ля падножжа разбураных муроў, – скончыліся. А да канца года ў бюджэт яны не закладзены. Таму грамадская ініцыятыва тых, хто можа дапамагчы – прывезці камяні да замку, вітаецца.
Алесь Краўцэвіч, археолаг вельмі пазітыўна ацэньвае імкненні неабыякавых людзей, да аднаўлення Крэўскага замку.
– Збіранне камянёў, як мне здаецца, гэта акцыя вельмі важная і сімвалічная, таму што яшчэ Міхась Ткачоў пісаў у сваёй кнізе “Замкі Беларусі”, што людзі доўгія стагоддзі пасля ўзвядзення гэтага замка, гаварылі: Каб ты на Крэўскі замак камні збіраў. Гэта яшчэ на Валыні такая прымаўка была. Падчас будаўніцтва, відаць, арганізоўвалі са ўсіх дзяржаўных уладанняў збор гэтых матэрыялаў. І сялян таксама прысылалі з розных ваколіц дзяржавы. Таму і казалі: Каб ты на Крэўскі замак камяні збіраў. І вось прыйшоў час збіраць камяні.
Ужо закансерваваная Княжацкая вежа. Зараз ідуць кансервацыйныя працы па захаванні заходніх муроў. У наступныя гады плануюцца паўноўныя, і далей – усходнія і паўднёвыя муры. Пасля кансервацыі муроў пачнецца рэканструкцыя „данжона”. Да аднаўлення Крэўскага замку можа далучыццв кожны, хто прывязе камяні і пакладзе ля ўваходу замка. Патрабуюцца найбольш камяні дыяметрам ад 30 да 50 сантыметраў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя