Глыбоцкае райпо будзе ліквідавана



Энамічны суд Віцебскай вобласці прызнаў Глыбоцкае раённае спажывецкае таварыства эканамічна неплацежаздольным (банкрутам) і вынес рашэнне аб яго ліквідацыі ў тэрмін да 31 траўня 2019 года.

Пасля ўступлення судовай пастановы ў сілу антыкрызісны кіраўнік павінен прыступіць да пагашэння патрабаванняў конкурсных крэдытораў на суму каля Br9,4 млн, у тым ліку трэба будзе разлічыцца з працаўнікамі па заробку за чэрвень 2018 года ў памеры каля Br15 тыс., а таксама ліквідаваць запазычанасць па падатках і зборах больш за Br670 тыс.

Паводле інфармацыі антыкрызіснага кіраўніка Наталлі Шваб, патрабаваннi да даўжнiка заявілі каля 300 крэдытораў, аднак гэты лік неканчатковы і патэнцыйна можа ўзрасці прыкладна ў два разы. Пры гэтым кошт маёмасці ацэньваецца амаль у Br5 млн. Як адзначыла Наталля Шваб, шматлікія рэарганізацыі райпо адбіліся на стане ўліку на прадпрыемстве, у тым ліку па рэгістрацыі нерухомасці, ацэнцы зямлі. У ходзе інвентарызацыі выяўлена шмат няўлічанай маёмасці.

Асноўнымі прычынамі неплацежаздольнасці прадпрыемства сталі страта рынкаў збыту, значнае перавышэнне расходаў над даходамі, павелічэнне запазычанасці за кошт штрафаў, пені па падатках і іншых абавязковых плацяжах, фактычнае спыненне дзейнасці. Сход упаўнаважаных грамадства прыняў рашэнне аб немэтазгоднасці правядзення дасудовага аздараўлення райпо і яго ліквідацыі. Глыбоцкі райвыканкам і Белкаапсаюз пагадзіліся з такім рашэннем. Сход крэдытораў ухваліў план лiквiдацыi даўжнiка.

Па словах намесніка старшыні Віцебскага аблспажыўсаюза Таццяны Назаравай, цяпер гандлёвае абслугоўванне жыхароў Глыбоцкага раёна забяспечвае спецыяльна створанае для гэтага ўнітарнае прадпрыемства „АльянсКаапГандаль” Докшыцкага райпо. На гэтым прадпрыемстве працаўладкаваны былыя работнікі Глыбоцкага райспажыўтаварыства.

zviazda.by