„Дзяды. Хвіліна Моцы”



22 лістапада а 17 гадзіне Купалаў дом, які ашчадна захоўвае спадчыну народнага паэта Беларусі, збірае аматараў высокай паэзіі Адама Міцкевіча з нагоды 220-годдзя з Дня яго нараджэнння. Тэатральная вечарына “ДЗЯДЫ. ХВІЛІНА МОЦЫ” ладзіцца пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і Польскага Інстытута ў Менску.

Імя Адама Міцкевіча, жыццёвы і творчы шлях якога пачаўся на беларускай зямлі, стала духоўным сімвалам Польшчы, а яго літаратурная дзейнасць – неад’емнай часткай агульнаеўрапейскай культурнай спадчыны.

Адам Міцкевіч аказаў моцны ўплыў на фарміраванне і развіццё таленту Янкі Купалы, які пазней звярнуўся да твораў улюблёнага аўтара як перакладчык. Урыўкі з паэтычнага рамана Адама Міцкевіча “Конрад Валенрод” падчас імпрэзы прагучаць на мове арыгінала і ў перакладзе.

Радзіма Янкі Купалы – Вязынка – месца жывой старажытнай традыцыі. Этнограф Алімпія Замбжыцкая, чыя бабуля хрысціла Янку Купалу, найбольшую ўвагу ўдзяляла культу продкаў, даследвала яго праявы на Дзяды і Радаўніцу на могілках у мясцінах Маладзечанскага павету. На пасяджэннях Гуртка студэнтаў этнолагаў Універсітэта Стэфана Баторыя выступала з даследваннямі, якія далі пачатак параўнаўчаму аналізу абраду Дзяды з апісаным у аднайменнай паэме Адама Міцкевіча.

Госці Купалавага дому ўбачаць фрагменты спектакля “Дзяды” па аднаіменным творы Адама Міцкевіча ў выкананні акцёраў “Тутэйшага тэатра” і “Тэатра Ч” у перакладзе на беларускую мову Сержа Мінскевіча.

Юбілейны вечар – даніна пашаны і любові да вялікага паэта, драматурга і перакладчыка Адама Міцкевіча.