У студзені-кастрычніку аб’ём будаўніцтва скараціўся на 8,5%
У студзені—кастрычніку 2018 года арганізацыямі ўсіх форм уласнасці пабудавана 31,9 тыс. новых кватэр, вынікае з даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
Уведзена ў эксплуатацыю 2 млн 790,4 тыс. кв. м агульнай плошчы жылля, што на 8,5% менш, чым у студзені—кастрычніку 2017 года.
У кастрычніку пабудавана 254,4 тыс. кв. метраў (на 4,9% менш, чым у кастрычніку мінулага года, і на 50,3% менш, чым у верасні 2018-га).
Для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, уведзена ў эксплуатацыю 1 млн 57,8 тыс. кв. м агульнай плошчы, або 37,9% агульнага аб’ёму ўведзенага жылля.
З агульнага аб’ёму ўведзенага жылля для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі пабудавана 703,2 тыс. кв. м (на 50,4% больш, чым у студзені—верасні 2017 года), у шматкватэрных жылых дамах у гарадах — 643,8 тыс. кв. м.
У сельскіх населеных пунктах уведзена ў эксплуатацыю 835,9 тыс. кв. м агульнай плошчы жылля, або 30% агульнага ўводу ў краіне.
Заданне на 2018 год па ўводу ў эксплуатацыю жылых памяшканняў устаноўлена ў аб’ёме 4 млн кв. м. Для маючых патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў у шматкватэрных дамах у гарадах запланавана пабудаваць 587 тыс. кв. м, з дзяржпадтрымкай — 900 тыс. кв. м.
Сацыяльнага жылля плануецца пабудаваць 679 тыс. кв. м (фінансаванне — 37 млн 405 тыс. рублёў), для шматдзетных сем’яў — 562,6 тыс. кв. м (410 млн 360 тыс.), індывідуальных жылых дамоў агульнай плошчай 1 млн 484 тыс. кв. м (1 млрд 312 млн 460 тыс. рублёў). У гарадах-спадарожніках плануецца пабудаваць 28,7 тыс. кв. м жылля.
„Ёсць некаторыя складанасці ў тэмпах здачы ў эксплуатацыю жылля ў сувязі з тым, што год пачаўся фактычна без задзелу. Таму некаторыя аб’екты пачынаюць толькі будаваць, і гэта адбіваецца на тэмпах будаўніцтва. Тэмпы будуць нарастаць, і ёсць упэўненасць, што 4 млн кв. метраў будзе пабудавана. Хоць гэта не так проста з-за недастатковых даходаў насельніцтва. 900 тыс. з дзяржпадтрымкай — гэта строга абавязковы паказчык, які будзе выкананы і міністэрствам, і абласцямі”, — адзначыў раней начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль.
Пры гэтым ён заявіў, што ў сувязі з рэалізацыяй указа прэзідэнта аб субсідаванні жыллёвага будаўніцтва ў гэтым годзе дадаткова плануецца прыцягнуць 526 млн рублёў. „Будаўнічы комплекс працуе ўстойліва, і пытанне толькі ў аб’ёмах фінансавання — больш будзе дзяржсродкаў, сродкаў банкаў і грамадзян, больш будзе будавацца жылля. Тэхнічныя і арганізацыйныя магчымасці для гэтага ёсць у прадпрыемстваў усіх форм уласнасці. Мы глядзім з аптымізмам і мяркуем, што ўсе закладзеныя у праграме параметры будуць выкананы”, — сказаў чыноўнік.