“Дзецюкі” едуць у Латвію
Гарадзенскі гурт Dzieciuki едзе у міні-тур па Латвіі. 23-га лістапада гурт выступіць у Ліепая, а 24 – адбудзецца канцэрт у Рызе.
Пра будучыя выступы кажа вакаліст гурта Алесь Дзянісаў:
– Гэта будзе наш першы выступ у Латвіі, таму што з усіх суседзяў, мы ўжо паўсюль выступалі: Польшча, Літва, Украіна, Расея. Нават у Калінінградзе. Вязём старую яшчэ праграму. Больш сёлета канцэртаў у нас не будзе, таму што ўсе сілы будуць накіраваны на тое, каб скончыць альбом.
Музыка ўпэўнены, што новы альбом гурта з’явіцца ў пачатку 2019 года:
– Мы планавалі выпуск яго ў снежні. Але не ўсё залежыць ад нас. Зараз ідзе запіс вакалаў. Пасля яшчэ звядзенне і мастэрынг. Таму альбом выйдзе дзесьці ў студзені 2019 года.
Гурт выдаў за сваю гісторыю два альбомы:“Гарадзенскі гармідар” – у 2014-м годзе і “Рэха” ў 2016-м годзе. Выступае з канцэртамі ў Польшы і па розных гарадах Беларусі, але фактычна знаходзіцца пад забаронай у роднай Гародні.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня